З 26 па 30 ліпеня ў Навагрудку адбыліся рэкалекцыі каталіцкай евангелізацыйнай супольнасці “Эхад”. Яны былі прысвечаны тэме пакаяння і прабачэння.
Як паведамляе сайт супольнасці, у праграме рэкалекцый былі разважанні над Божым словам, канферэнцыі, малітва. Канферэнцыі правялі пробашч навагрудскай парафіі св. Арханёла Міхала кс. Юрый Жэгарын і Лукаш Кукер – лідар супольнасці “Школа новай евангелізацыі ў Глівіцах” і праекта “Евангелізацыя без межаў”, выпускнікамі якога з’яўляюцца лідары “Эхад”.
У дзяцей, якія разам з бацькамі прыбылі на рэкалекцыі, была свая духоўная праграма, час для гульняў і знаёмстваў.
У духоўных практыкаваннях удзельнічалі не толькі члены супольнасці “Эхад”, але і госці. Тым самым сімвалічна была ахоплена амаль уся Беларусь, паколькі на сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцей.
Удзельнікі рэкалекцый вельмі рады гэтай магчымасці правесці час разам, пабыць сам-насам з Богам, у медытацыі над Яго словам, а таксама ў сумеснай малітве (адарацыі, праслаўлення), малітве адзін за аднаго.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі