
– Калі мы гаворым пра міласціну, то маем на ўвазе практычны сэнс нашага хрысціянства. Бо калі я размаўляю з Богам, то гэта неяк пераносіцца на маё жыццё, на мой светапогляд, на мае адносіны з іншым чалавекам. У гэтым іншым чалавеку знаходзіцца Хрыстос, любоў да Яго дазваляе мне зрабіць нешта канкрэтнае. Нядаўна мы сустрэліся з вельмі прыгожым урыўкам з Евангелля падчас літургіі, які распавядае пра тое, як прыйдзе Сын Чалавечы і паставіць справядлівых па адным боку, а несправядлівых па другім. І крытэрыем з’яўляецца тое, што тыя справядлівыя перадусім служылі Хрысту ў бліжнім. Таму міласціна выяўляецца ў маім імкненні дапамагчы, зрабіць штосьці для іншага чалавека з пачуцця сапраўднай любові. Але не так, што я кінуў грош жабраку і выканаў свой абавязак. З аднаго боку, гэта сапраўды абавязак ў часе Вялікага посту, але не трэба падыходзіць вельмі фармальна. Міласціна – гэта выяўленне маёй практычнай хрысціянскай любові.
– А ў якіх канкрэтных штодзённых кроках яна можа выяўляцца?
– Можа быць шмат прыкладаў. Вакол нас ёсць мноства людзей, якія патрабуюць дапамогі. Калі я прысвячу чалавеку частку свайго часу – гэта ўжо таксама будзе пэўная міласціна. Калі я падзялюся чымсьці, калі я адчуваю, што мушу аддаць частку таго, што маю, то гэта будзе міласціна. Калі я аддаю тое, што мне непатрэбна, – гэта тое самае, як зрабіць пастанову не глядзець тэлевізар, які зламаны. Вакол ёсць людзі, якім патрэбны элементарныя рэчы: вопратка, ежа, дах над галавой... І калі я падзялюся тым, што ім будзе патрэбна, можа, праз дабрачынныя арганізацыі, то гэта будзе міласцінай. Мы б, можа, хацелі ўратаваць увесь свет. Але больш сэнсу ў тым, каб дапамагчы хаця б аднаму канкрэтнаму чалавеку. Гэта ўзбагачае і нас саміх. Таму трэба кіравацца тым, што я буду дапамагаць па сваіх магчымасцях.