31 ліпеня – 1 жніўня ў Навагрудку адбыліся галоўныя ўрачыстасці з нагоды 80-й гадавіны мучаніцкай смерці манахінь Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.
У час Другой сусветнай вайны з 31 ліпеня на 1 жніўня 1943 г. у Батароўскім лесе каля Навагрудка гітлераўцы расстралялі адзінаццаць сясцёр назарэтанак з мясцовага кляштара, якія аддалі сваё жыццё ўзамен за 120 чалавек, арыштаваных і асуджаных на смерць.
Прыняць удзел ва ўрачыстасцях, каб ушанаваць памяць сведкаў Хрыста, якія прынеслі сябе ў ахвяру за бліжніх, і вучыцца ў іх адважна ісці праз жыццё, прыбыло шмат людзей. Таксама прыйшла традыцыйная пешая пілігрымка з Новай Мышы (Пінская дыяцэзія) у складзе 27 чалавек.
Удзельнікі ўрачыстасцяў дзякавалі Пану за дар благаслаўлёных назарэтанак для Касцёла на Гродзеншчыне і Касцёла ва ўсёй Беларусі. Праз заступніцтва сясцёр-мучаніц прысутныя прасілі даць ім, іх сем’ям і супольнасцям ласку глыбокай і моцнай веры, адвагі, сапраўднай любові да Бога і бліжніх. Акрамя таго, маліліся за мір ва ўсім свеце, у кожным доме і сям’і, і аб беатыфікацыі сястры Малгажаты Банась – дванаццатай назарэтанкі з навагрудскага кляштара, якая пазбегла мучаніцкай смерці.
Святую Імшу ў межах урачыстасцяў узначаліў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. У гаміліі іерарх падкрэсліў, што Батароўскі лес, нямы сведка тых трагічных падзей, “стаў для сясцёр назарэтанак своеасаблівай Галготай, на якую яны неслі свой крыж”, і што “яны загінулі, але, як і Езус, перамаглі смерць, бо праз яе ўвайшлі ў Божае Валадарства”.
Затым у навагрудскім дыяцэзіяльным санктуарыі благаслаўлёнай сястры Стэлы і дзесяці яе паплечніц, у саркафагу якога змешчаны іх рэліквіі, пачалося малітоўнае чуванне. У праграме чування, якое працягвалася ўсю ноч, былі, між іншым, канферэнцыя, Вяночак да благаслаўлёных сясцёр-мучаніц у інтэнцыі сем’яў, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, Крыжовы шлях.
Пасля ў 4.30 – прыкладны час расстрэлу сясцёр – адбылася святая Імша.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі