Skip to main content

Біскуп Кашкевіч на ўрачыстасцях у Гудагаі падзякаваў мясцовым парафіянам за сведчанне веры

godagaj kaszkewicz 5116 ліпеня ў межах адпустовых урачыстасцяў у гонар Маці Божай Шкаплернай у дыяцэзіяльным санктуарыі ў Гудагаі (Астравецкі дэканат) біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў ранішнюю святую Імшу.

Пробашч гудагайскай парафіі а. Аркадзь Куляха OCD, які адзначаў дзень нараджэння, у пачатку Імшы прывітаў усіх шматлікіх удзельнікаў урачыстасцяў, якія прыбылі з розных гарадоў, мястэчак і вёсак Гродзенскай дыяцэзіі і іншых месцаў у санктуарый – гэты дом нябеснай Маці, якая прысутнічае там у сваёй славутай ласкамі выяве.

godagaj kaszkewicz 57

Біскуп Аляксандр Кашкевіч у гаміліі сказаў, што вернікі прыбываюць у Гудагай, каб дзякаваць Богу за дар сваёй нябеснай Маці і Заступніцы, якая ўшаноўвалася ў гэтым святым месцы многімі пакаленнямі пад іменем Панны Марыі Шкаплернай з гары Кармэль.

Кажучы пра шкаплер і яго дзеянне, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што “Марыя абяцае нам сваю любоў і апеку, накрывае нас сваім плашчом перад кожнай небяспекай, асабліва такой, якая можа пагражаць нашаму збаўленню”.

Іерарх звярнуў увагу, што гэта не здзяйсняецца аўтаматычна, да шкаплера няправільна ставіцца як да амулета: “Марыя чакае ад нас пастаяннай працы над сабой, супрацоўніцтва з Божай ласкай, барацьбы з грахом і імкнення да ўсё больш вернага спаўнення Божых загадаў”.

godagaj kaszkewicz 61

Біскуп адзначыў, што шкаплер як форма культу Маці Божай быў папулярны даўно і яго насілі не толькі звычайныя людзі, але і каралі, магнаты, Папы.

Іерарх дадаў, што, безумоўна, вельмі шанавалі Маці Божую Шкаплерную сужэнцы Юзаф і Людвіга Ганна з Сулістроўскіх Войны, дзякуючы якім у 1763 г. у Гудагаі быў пабудаваны драўляны касцёл. У яго галоўным алтары змясцілі славуты ласкамі ўжо тады абраз Панны Марыі з гары Кармэль, а для духоўнай апекі над парафіяй і абразом запрасілі айцоў кармэлітаў босых, якім сужэнцы пабудавалі кляштар.

Па словах біскупа, 260-я гадавіна пабудовы касцёла – асаблівая нагода дзякаваць Богу за дар гэтай святыні, даручыць яе фундатараў Яго Міласэрнасці, маліцца за ўсіх, хто працай, ахвяраваннямі і іншым чынам садзейнічае зберажэнню санктуарыя, клапоціцца пра яго годны выгляд, спрыяе таму, што ён становіцца ўсё прыгажэйшым на радасць тым, хто шануе Панну Марыю.

Таксама біскуп узгадаў руплівага гудагайскага душпастыра, адданага справам Касцёла і бескарысліваму служэнню вернікам – кс. Адама Вайцяхоўскага, які быў там пробашчам у 1959-1973 гг. Ён глыбока шанаваў Маці Божую Шкаплерную, з вялікай верай пашыраў Яе культ, і Бог у сваім Провідзе ўчыніў, што ён адышоў у вечнасць 16 ліпеня, у літургічнае свята Маці Божай з гары Кармэль.

Ад імя Касцёла біскуп падзякаваў гудагайскім парафіянам за тое, што яны вытрывалі ў веры, абаранілі сваю святыню, не дазволілі зачыніць або знішчыць яе, і за тое, што сёння яны пад кіраўніцтвам сваіх душпастыраў айцоў кармэлітаў клапоцяцца аб яе прыгажосці і даюць цудоўнае сведчанне простай і глыбокай веры.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Віктар Шагдай