Skip to main content

Чарговыя ўрачыстасці ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі

У І нядзелю Вялікага посту навучэнцы 3 і 4 курсаў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі прынялі паслугі акалітату і лектарату. Гэтаму папярэднічалі велікапосныя рэкалекцыі ў ВДС. А падчас ранішняй літургіі 26 лютага алюмны 5 курса былі далучаны да ліку кандыдатаў да дыяканства і святарства. Паслугі лектарату і акалітату навучэнцы семінарыі прынялі падчас урачыстай св. Імшы ў катэдры а 12-й гадзіне. Літургію цэлебраваў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Прысутныя вернікі сталі сведкамі таго, як падчас удзялення паслугі лектарату Яго Эксцэленцыя ўручыў алюмнам Святое Пісанне і зрабіў іх адказнымі за абвяшчэнне Божага слова падчас св. Імшы, а таксама падчас удзялення паслугі акалітату ксёндз біскуп уручыў алюмнам патэны з хлебам, каб тыя маглі ўдзяляць св. Камунію падчас св. Імшы і несці яе ў іншыя месцы хворым і патрабуючым.

На пачатку св. Імшы была асвечана вада, якой ксёндз біскуп удзяляў бласлаўленне кандыдатам да новых паслуг, якіх перад гаміліяй прадставіў ксёндз рэктар Юзаф Станеўскі.

Дарагія алюмны, велікапосныя рэкалекцыі былі для вас магчымасцю паўторнага асэнсавання глыбокіх і важных для нашага жыцця клопатаў, – сказаў падчас гаміліі ксёндз біскуп Аляксандр. – Паслугі лектарату і акалітату, якія вы прымеце праз некалькі хвілін, з’яўляюцца чарговым этапам на вашай дарозе да святарства, чарговым пацвярджэннем выбару, які кожны з вас зрабіў, калі адказаў “так” на голас Хрыста “Ідзі за Мной”. Я б хацеў, каб вы памяталі і ўзялі сабе да сэрца, што сённяшнія паслугі не з’яўляюцца толькі замыканнем чарговага этапу вашай фармацыі. Яны адкрываюць перад вамі новую дарогу – дарогу росту і сталення да рэалізацыі таго, што прынятая паслуга азначае. Вы павінны фарміраваць сябе так, каб быць падобнымі да Хрыста, якому ў будучыні прагнеце служыць як святары.

Ужо зараз, казаў ксёндз біскуп, будучыя святары павінны ўсвядоміць сабе вялікую адказнасць, якая будзе на іх ускладзена. Паўнату жыцця і радасці можа даць чалавеку толькі Той, які сказаў пра сябе: “Я ёсць дарога, праўда і жыццё”. Свет патрабуе праўды, хоча пачуць Добрую Навіну, якая дае радасць і моц, нясе супакой і вызваленне. Каб несці яе людзям, трэба найперш самому яе добра пазнаць, разважаць над ёю і жыць ёю штодня.

Затым наступіў час удзялення паслуг лектарату і акалітату навучэнцам духоўнай семінарыі.

Прымі кнігу Святога Пісання і верна перадавай Божае слова, каб штораз мацней яно дзейнічала ў людскіх сэрцах, – гэтак звяртаўся ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч да кожнага кандыдата падчас удзялення паслугі лектарату.

Перадаючы патэну з хлебам кожнаму кандыдату да паслугі акалітату ксёндз біскуп прамаўляў:

Прымі пасудзіну з хлебам для спраўлення Эўхарыстыі і рабі так, каб мог годна служыць Касцёлу пры Панскім стале.

Пасля гэтай св. Імшы семінарысты ў паслузе лектарату атрымалі бласлаўленне ксяндза біскупа на публічнае чытанне Святога Пісання, а навучэнцы 4-га курса падчас удзялення паслугі акалітату атрымалі бласлаўленне дапамагаць святару падчас св. Імшы ўдзяляць вернікам святую Камунію. Наступны крок на дарозе да святарства – кандыдатура, калі алюмны публічна заяўляюць пра свой намер стаць святаром. Затым пасвячэнні ў дыяканы, а праз паўгода ці больш – прэзбітэрат, ці святарскае пасвячэнне.