7 ліпеня пачаліся дыяцэзіяльныя ўрачыстасці ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат).
Сёлета адпустовыя ўрачыстасці адбываюцца пад дэвізам “Марыя, аб’яднай нашы сэрцы і сем’і”.
У санктуарый, дзе ў прыгожай старадаўняй драўлянай святыні захоўваецца цудадзейны абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езусам на руках, ля якой схіляе калені святы каралевіч Казімір, ужо з абеду пачалі прыбываць пілігрымы.
Некаторыя прыехалі на роварах, вялікая колькасць прыйшла пешкі. Самай шматлікай пешай пілігрымкай была 25-я юбілейная з Гродна, удзельнікі якой правялі ў дарозе шэсць дзён.
Таксама прыйшла пешая пілігрымка, якая аб’яднала вернікаў усіх парафій Іўеўскага дэканату. Прыйшлі пешкі вернікі з усіх парафій Ліды, з Навагрудка, з іншых месцаў.
Усе яны пілігрымавалі са сваімі інтэнцыямі і просьбамі, даручаючы Пану Богу праз рукі Тракельскай Пані і Каралевы ўласныя патрэбы і патрэбы блізкіх.
Вітаючы прысутных пілігрымаў, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч падкрэсліў, што ў гэты дзень усе яны прыходзяць да Маці Божай з багажом клопатаў і непакою, патрэб і жаданняў, планаў і мар.
“Мы хочам скласці ўсё гэта ў Яе любячыя матчыны далоні, даручыць Яе найчысцейшаму, поўнаму любові сэрцу, якое ўсё разумее і ў якім ёсць месца для кожнага з нас”, – дадаў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне звярнуўся да пілігрымаў з гарачай просьбай, каб яны, акрамя ўласных інтэнцый, якія будуць выказваць Маці Божай, успомнілі пра яшчэ некалькі важных спраў.
“Папрасіце Яе яшчэ аб новых, шматлікіх і святых пакліканнях да служэння ў Касцёле. Папрасіце Яе за нашых святароў і ўсіх асобаў кансэкраванага жыцця, якія служаць у нашых парафіяльных супольнасцях, – аб святасці для іх, каб былі вашымі праваднікамі ў веры”, – заклікаў іерарх.
Таксама біскуп заахвоціў прысутных да асаблівай малітвы аб міры ва ўсім свеце.
“Сёння свету патрэбна дабрыня, каб перамагчы непакой і зло. Папрасіце аб міры ў кожнай сям’і, каб любоў перамагла ўсе падзелы і неразуменне, каб у нашых супольнасцях і вакол нас панавалі адзінства і згода”, – сказаў пастыр дыяцэзіі.
Усім шматлікім пілігрымам, многія з якіх прыбылі цэлымі сем’ямі, разам з дзецьмі, ён пажадаў “адчуваць сябе чаканымі ў доме нашай найлепшай Маці”.
“Адчувайце сябе добра і бяспечна, бо тут мы можам спазнаць сапраўдны супакой, бо з намі наша Каралева і Маці, якая ўказвае нам на Езуса і да Яго нас заўсёды вядзе”, – дадаў біскуп.
Бачачы мноства ўдзельнікаў сёлетніх тракельскіх урачыстасцяў, бясконцую чаргу да святыні ў імкненні пакланіцца Маці Божай і зірнуць у Яе поўныя клопату і надзеі вочы, можна захапіцца верай нашых людзей. Яны любяць Бога, любяць Панну Марыю, якая ўсіх іх сабрала і злучыла ў адну сям’ю Божых дзяцей. Яны хочуць будаваць свой сённяшні і заўтрашні дзень на трывалым – таму што Божым – фундаменце.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі