Пешая пілігрымка з Гродна ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях паступова набліжаецца да мэты. А адна з удзельнікаў працягвае весці свой дзённік пілігрыма:
“Гэты дзень быў вельмі багаты на ўражанні. Раніца пачалася радасна – з Эўхарыстыі, пасля якой мы зноў віншавалі імянінніка. Не абышлося без торціка і апладысментаў. Але потым нас чакаў час выцішэння, бо гэты дзень пілігрымкі павінен быў быць пакутным. І Пан Бог нам у гэтым благаславіў – перад Крыжовым шляхам пачаўся дождж, які падчас малітвы толькі ўзмацняўся. Гром і маланка трошкі палохалі, але таксама дапамагалі лепш засяродзіцца на разважаннях. “Нашто ты прыйшоў, Сябра?”. Гэта было пытанне, якім мы распачалі свой шлях. На некаторых стацыях лівень хвастаў па нас неймаверна. Усе гэтыя цяжкасці вельмі гарманічна ўпляліся ў атмасферу дня і далі магчымасць глыбей перажыць тое, што адбывалася. Неўзабаве пасля канца малітвы скончыўся і дождж, неба праяснілася і выглянула сонейка. Гэта было вельмі дарэчы, бо нас чакаў абед, а потым канферэнцыя на беразе возера. Як жа песціць нас Бог прыгажосцю навокал!
Абед зноў быў вельмі шчодры і багаты, што вельмі ўскладніла жыццё тым, хто планаваў папосціць.
Падчас канферэнцыі мы разам з Закхеем хацелі ўскараскацца на дрэва, каб убачыць Езуса. Разважалі аб тым, што для кожнага з нас з’яўляецца гэтым малым ростам, які замінае сустрэцца з Хрыстом: раны, комплексы, страх быць адрынутым, абсмяяным, незразуметым... Кс. Яўген неаднаразова падкрэсліў, што “навяртанне чалавека адбываецца, калі ён набывае сваю годнасць”. Менавіта гэта адбылося з Закхеем, калі ён сустрэўся позіркам з Хрыстом. Вельмі важна ўсвядоміць, што годнасць чалавека не залежыць ад таго, што пра яго думаюць і гавораць, што ў яго атрымліваецца і не атрымліваецца. Дыямент не перастае быць дыяментам, нават калі хтосьці назаве яго шкельцам. Менавіта таму “чалавек, якога ты сустракаеш, самы вялікі скарб свету”. Бог ведае кожнага з нас па імені – імені, якое адлюстроўвае нашу сутнасць. Сутнасць пілігрымкі ў тым, каб зразумець, што гэта за імя.
Самыя ўмудроныя досведам пілігрымы ўвесь шлях трымаюцца малайцом! Пані Галіна, якой ужо 77, умудраецца і крыж несці, і танцаваць падчас канцэрта.
А яшчэ па дарозе да нас завітаў кусташ санктуарыя кс. Юрый, які прывёз цукеркі і 20-метровы сцяг, з якім мы будзем уваходзіць у Тракелі.
Жыхары Жырмунаў прынялі нас вельмі цёпла і гасцінна. Увечары пілігрымаў чакаў канцэрт і танцы. Песнямі парадаваў гурт OPEN, а ў танцах натхнялі сваім энтузіязмам кс. Андрэй, с. Ганна і кс. Яўген. Быццам бы стомленых у дарозе пілігрымаў разагнаць не магла нават надыходзячая ноч. Але, на жаль, усім усё ж прыйшлося пайсці па дамах, каб набрацца сіл на заўтрашні дзень. А заўтра мы ўжо прыйдзем у Тракелі!!! Час ляціць хутчэй, чым вокамгненна...”
Вікторыя Сідар