Пешая пілігрымка, якая ідзе з Гродна ў дыяцэзіяльны санктуарый у Тракелях на фэст, завяршыла ўжо чацвёрты свой дзень. Яе ўдзельніца працягвае пісаць свой дзённік пілігрыма:
“Чацвёрты дзень з самага пачатку даў зразумець, што змерзнуць не атрымаецца. Сонейка прыпякала з усёй шчодрасцю. І ад гэтага ісці рабілася толькі складаней, хаця кіламетраж у параўнанні з першымі днямі быў зусім смешны. На першым пастоі ў аграсядзібе “Ё-маё” ў нас была Імша на палявым алтары, пасля якой мы павіншавалі нашых імяніннікаў і юбіляраў: двое пілігрымаў адзначалі свой дзень нараджэння, а сястра Марлена – трыццаць гадоў манаства.
У абед мы зноў схаваліся ў цяньку, каб падсілкавацца… і тут да нас прыехаў біскуп Аляксандр, ды не адзін, а з сюрпрызам! Марожанае аказалася вельмі дарэчы і значна палепшыла і без таго добры настрой. Потым ксёндз Яўген правёў канферэнцыю, распавёўшы аб тым, хто такі злы дух і як з ім змагацца. “Грэх пачынаецца з сумнення, ці любімы ты Панам”, – патлумачыў святар. Злы дух з’яўляецца бацькам хлусні і з задавальненнем скажае факты, як гэта зрабіў змей у Эдэмскім садзе. “Самае складанае ў жыцці – стаць у праўдзе перад сабой, Богам і іншым чалавекам. На гэта здольны толькі той, хто разумее, што гэта прывядзе да аздараўлення”, – падкрэсліў святар.
Вельмі адгукнуліся і словы аб тым, што д’ябал хоча насаліць не чалавеку, а Богу. А прасцей за ўсё гэта зрабіць (калі самому Пану нашкодзіць немагчыма), знішчаючы тых, каго Бог так любіць, – людзей. Важна таксама разумець, што пакаянне – гэта пераасэнсаванне сваіх адносін з Богам, а не абвінавачванне сябе. Абвінавачвае чалавека злы дух. Бог жа дае нам Святое Пісанне, сакрамэнты, супольнасць, каб мы вытрымалі гэтую бітву, якая даўно выйграна нашым Творцам і Збаўцам, але па-ранейшаму адбываецца ў нашых сэрцах. Фінальная парада святара складалася з трох дзеясловаў: “падымацца, падымацца, падымацца”.
Пасля канферэнцыі мы падняліся і вырушылі ў шлях. Апошні адрэзак зноў пераадолелі без прывалу. А восем кіламетраў пад канец душнага і спякотнага дня – гэта не жарты! Але мы справіліся на “ўра”.
Вечарам мы вярнуліся ў касцёл, каб разважаць над Божым словам ці гуляць у валейбол – каму што больш даспадобы. Мне – малітоўная сустрэча. Ксёндз Яўген выставіў Найсвяцейшы Сакрамэнт, каб мы адчувалі, што Езус зараз сярод нас. На жаль, часу было вельмі мала, але мы ўсё ж такі паспелі падзяліцца адзін з адным некаторымі каштоўнымі думкамі.
Пасля малітвы нас чакала гарбата з найсмачнейшым хатнім пячэннем – з гаспадарамі і ў гэты раз нам вельмі пашанцавала! Гэта велізарны дар – сустракаць такіх добрых людзей з адкрытым сэрцам.
Вочы зліпаюцца ад стомы. Жудасна сумна ўсведамляць, што засталося зусім нічога… як заўсёды, празмерна хутка праходзіць гэты каштоўны час. Таму трэба нацешыцца кожнай хвілінай, якая засталася”.
Вікторыя Сідар