Працягваецца пешая пілігрымка з Гродна ў дыяцэзіяльны санктуарый у Тракелях. Прайшоў трэці дзень пілігрымкі. Яе ўдзельніца вядзе дзённік, у якім распавядае пра тое, што адбываецца на шляху.
“Раніца трэцяга дня пачалася для мяне вельмі рана, але вельмі рамантычна. З-за мазалёў, якія з’явіліся нечакана, мне прыйшлося наведацца да нашай чараўніцы сястры Кацярыны, якая як ніхто іншы ўмее вылечыць усе нашы хваробы. Прыйшла я да пачатку прыёму, у 7 раніцы. На небе сонейка пацягваецца пасля нядоўгага сну, вакол птушачкі спяваюць і цішыня. Як жа здорава! Чэргі ў медпункт з кожным днём робяцца даўжэйшымі. У кожнага свая праблема: то мазалі, то “асфальтавая хвароба”, то расцяжэнне… Ёсць нават удар пальца! Але нашы пілігрымы не здаюцца: накульгваючы, абапіраючыся на палку, але ўсё роўна ідуць наперад!
Больш за ўсё захапляе і натхняе малеча, якая ідзе з намі. Мой юны сябар Адрыян, якому на выгляд гадоў 7-8, нават ідучы з кіслым выразам твару, на маё спачувальнае пытанне: “Ну, як ты?” нязменна адказваў, што выдатна. Праўда, сцяг сёння хлопец ужо не нёс (першыя два дні яго хапала і на гэта). Па дарозе пазнаёмілася я таксама з дзяўчынкай Янай. Ёй 6, і яна ідзе ў гэтай пілігрымцы з мамай і сястрой. Наогул сярод нас даволі шмат дзетак, і ўсе яны спраўляюцца на выдатна. Ніхто не плакаў і не ўчыняў бацькам публічных істэрык. Глядзіш на іх і сам пачынаеш ісці больш энергічна, натхнёны іх мужнасцю.
Па кіламетражы гэты дзень атрымаўся зусім кароткім. Шчыра прызнаюся, хацелася ісці яшчэ. Адзінае выпрабаванне сёння – сонца, якое вырашыла адарыць нас асаблівай увагай.
Абед нас чакаў у Хадзілонях. Вось ужо сапраўды рог дастатку! Не на кожным вяселлі такое ўбачыш.
Таксама нас чакаў і пасілак духоўны – канферэнцыя. Спачатку ксёндз Яўген параўнаў нас з Абрагамам, які сядзеў у ценю дуба. Падобна яму мы хаваліся ў цень яблынь, якія растуць на тэрыторыі каплічкі. Падчас канферэнцыі мы разам з Ёнай беглі ад Бога і назіралі за тым, як Пан вяртае нас на правільны шлях. Неаднаразова гэта адбываецца з дапамогай рыбы, якая праглынула Ёну, а потым выплюнула на бераг, – тое, што нам здаецца непазбежнай смерцю, аказваецца нашым збаўленнем. Было адзначана: “Часта мы шукаем Бога эгаістычна – мы шукаем Яго дароў, каб нам было добра. Рыба даецца нам, каб пазнаць сапраўднага Бога, шукаць Яго самога, а не Яго дароў”.
Вельмі важна памятаць аб тым, што Богу дарагое жыццё кожнага, як было дарагое жыццё ніневіцян. Калі я не магу камусьці прабачыць, калі я не ў стане за кагосьці маліцца, я не змагу стаць шчаслівым. “Паўнацэннае навяртанне адбываецца тады, калі ты ўсведамляеш, што Бог любіць кожнага чалавека, нават таго, хто цябе моцна параніў”, – падкрэсліў святар.
І так здорава мы падмацаваліся, спачатку фізічна, а потым духоўна, што ў Забалаць вырашылі ісці адразу, без прывалу. І што самае галоўнае – нягледзячы на стомленасць, гэтую адлегласць мы пераадолелі вельмі хутка і бязбольна.
У Забалаці нас хуценька разабралі на начлег, але мы неўзабаве вярнуліся ў святыню – каб маліцца на адарацыі. Кожны атрымаў асабісты ліст ад Бога і мог напісаць Яму адказ. Пазней запячатаны канверт мы аддалі ксяндзу Яўгену, які абяцаў, што верне нам лісты ў наступным годзе – зразумела, падчас пілігрымкі. Паўтары гадзіны сам-насам з Хрыстом прайшлі як адно імгненне. Хацелася застацца яшчэ хаця б крыху. Апошняя песня, песня праслаўлення, прагучала магутна – спявалі і пляскалі ўсе! І гэта было здорава. Адчувалася, што мы сапраўды робімся адным цэлым у Богу. Якія адкрыцці і сюрпрызы прынясе нам заўтрашні дзень?.. Даведаемся ўсяго праз некалькі гадзін”.
Вікторыя Сідар