З 25 па 30 чэрвеня дзеці з парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) знаходзіліся ў Навагрудку, дзе быў арганізаваны прыкасцёльны лагер.
Яны не толькі адпачылі ад вучобы і павесяліліся, але таксама прысвяцілі час Богу і малітве.
Навагрудак, на тэрыторыі якога размяшчаўся лагер, – адзін з самых адметных гарадоў Гродзенскай вобласці.
Кожная раніца ў лагеры пачыналася з цікавай і вясёлай зарадкі. Пасля кароткіх практыкаванняў надыходзіў час для ранішняй малітвы, у якой дзеці дзякавалі Богу за ўсе дары, якія Ён падрыхтаваў на наступны дзень.
Пазнавальным часам была катэхеза, у межах якой дзятва пашырыла свае веды аб Дзесяці Божых запаведзях. Самай важнай часткай кожнага дня была святая Імша, на якой маленькія вернікі засяроджана слухалі Евангелле і разважалі над ім.
Дзецям пашчасціла пабываць на экскурсіі ў касцёле святога Міхаіла, дзе пробашч расказаў ім пра гэтую святыню і яе гісторыю. Акрамя таго, яны пабачылі руіны Навагрудскага замка.
Кожны дзень у лагеры быў напоўнены смехам, радасцю і весялосцю. Дзеці прымалі ўдзел у розных конкурсах, вучыліся спяваць і танчыць. Разам з апекунамі яны разважалі над праўдамі веры, і кожны мог атрымаць адказ на пытанні, якія яго цікавілі. Аб’яднаныя Езусам, яны за гэты кароткі час навучыліся працаваць у камандзе, дапамагаць адзін аднаму і яшчэ больш пасябравалі.
Дзмітрый Роўны