27 чэрвеня, у літургічны ўспамін Маці Божай Нястомнай Дапамогі, адбылося асвячэнне касцёла пад гэтым тытулам у аграгарадку Юбілейны (Мастоўскі дэканат).
Асвячэнне здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На ўрачыстасці ў касцёле, які з’яўляецца філіяльным і адносіцца да парафіі ў Струбніцы, сабраліся шматлікія парафіяне і госці. Прысутныя дзякавалі Пану Богу за гэтую святыню, у якой для кожнага ёсць месца.
Раней мясцовыя вернікі ішлі на малітву ў бліжэйшыя касцёлы ў Крамяніцы і Росі ці ў іншыя святыні. Пасля яны атрымалі памяшканне пральні, якое сёння служыць інтэрнатам для працаўнікоў сельскай гаспадаркі.
У 2004 годзе ініцыятыўная група па благаслаўленні біскупа Аляксандра Кашкевіча пачала збор дакументаў на будаўніцтва сваёй святыні. Вось ужо 10 гадоў, як яна ўзвышаецца ў аграгарадку. Святар бывае ў ёй па нядзелях і святах. У галоўным алтары касцёла месціцца ікона Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Парафіяльная супольнасць налічвае каля 200 вернікаў.
Пробашч кс. Генадзь Дабрук, прывітаўшы ўсіх прысутных, падкрэсліў, што яго парафіяне – людзі вельмі актыўныя і неабыякавыя, заўсёды дбаюць пра парадак у касцёле, пра добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.
Біскуп Кашкевіч цэлебраваў святую Імшу ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці на чале з яе душпастырам. Таксама маліліся за ўсіх святароў, якія служылі там раней, усіх дабрачынцаў і ахвярадаўцаў, дзякуючы каму паўстаў гэты прыгожы касцёл.
Ксёндз канонік Юрый Марціновіч, сакратар біскупа Гродзенскага, у гаміліі закрануў тэму двух касцёлаў – матэрыяльнага, пабудавага з каменя, і духоўнага, які ўтвараюць самі вернікі. Засноўваючыся на ўласным досведзе, святар падкрэсліў важнасць будаўніцтва супольнасці Божых дзяцей, што забяспечвае будучыню кожнай парафіі.
У канцы Эўхарыстыі вернікі выказалі словы ўдзячнасці біскупу за прыбыццё і асвячэнне касцёла, які адыгрывае вялікую ролю ў іх жыцці.
Пастыр Гродзенскай дыяцэзіі са свайго боку выказаў удзячнасць пробашчу за яго штодзённы клопат аб даручаным яму верным народзе. Парафіян іерарх заклікаў быць моцнымі ў веры і ўмела перадаваць яе наступным пакаленням.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі