27 чэрвеня ў парафіі св. Уладзіслава ў Суботніках (Іўеўскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар нябеснага заступніка гэтай парафіяльнай супольнасці, абраз якога змешчаны ў галоўным алтары касцёла.
У Гродзенскай дыяцэзіі гэтая парафія адзіная, якая мае тытул св. Уладзіслава, таму яе вернікі вельмі шануюць свайго апекуна.
Адпустовай Імшы папярэднічалі выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і эўхарыстычная працэсія вакол касцёла.
Імшу з удзелам некалькіх святароў узначаліў па запрашэнні пробашча парафіі кс. Аляксандра Лебядзевіча дэкан Іўеўскага дэканату кс. канонік Віктар Субель.
Падчас урачыстасці была магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання. Свята аздобіў спевам парафіяльны хор.
У гаміліі кс. Павел Скуба засяродзіў увагу на найважнейшых у жыцці веруючага чалавека правілах, якімі назваў тры галоўныя цноты: веру, надзею і любоў. Як нагадаў святар, любоў Бога да чалавека адкрываецца ў тым, што Бог паслаў свайго Сына на зямлю і хоча, каб людзі прыйшлі ў Яго Валадарства. Ксёндз Павел дадаў, што калі б Богу не было ніякай справы да людзей, не было б і ўсяго чалавецтва. Часта, па яго словах, чалавек выкарыстоўвае гэтую любоў Бога, моліцца толькі тады, калі яму нешта патрэбна.
Ксёндз Павел распавёў пра святога Уладзіслава, заахвоціўшы браць з яго прыклад. Святар адзначыў, што Уладзіслаў спыніў усе войны хоць на некалькі гадоў, ахвяроўваў грошы касцёлам і шпіталям, будаваў святыні, прапаведваў пакаянне і мір. Калі б, дадаў кс. Павел, гэты святы з’явіўся ў сучасным свеце, то, напэўна, не ведаў бы, што такое мабільны тэлефон або камбайн, а сённяшнія людзі не ведалі б аб прыладах, якія існавалі падчас жыцця Уладзіслава, але нас яднала б вера ў Бога, бо яна адзіная, а ўсё зямное – смецце; адна вера застаецца з намі назаўсёды.
У канцы Імшы пробашч парафіі падзякаваў духавенству і вернікам за прысутнасць і шчырую супольную малітву.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі