Skip to main content

Біскуп Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам парафіі ў Радуні

radun 1013 чэрвеня, у літургічны ўспамін св. Антонія Падуанскага, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Маці Божай Ружанцовай у Радуні.

На Эўхарыстыі, якая цэлебравалася ў інтэнцыі ўсёй парафіі, іерарх удзяліў вернікам сакрамэнт канфірмацыі.

Пробашч парафіі кс. канонік Станіслаў Пацына прывітаў шаноўнага госця і адзначыў, што ўмацавання дарамі Духа Святога ў гэтым сакрамэнце чакаюць і маладзейшыя, і дарослыя вернікі. Яны былі адпаведным чынам падрыхтаваны да гэтага, удзельнічаючы ў літургіі, слухаючы Божае слова, а таксама прыступіўшы да споведзі.

У гаміліі кс. канонік Юрый Марціновіч падкрэсліў, што дары Духа сапраўды ўзбагачаюць чалавека, калі той прымае сакрамэнт канфірмацыі з глыбокай верай. “І хоць знешне чалавек не змяняецца, аднак унутры ён цалкам адноўлены і ўмацаваны для абвяшчэння Евангелля сваім штодзённым жыццём”, – дадаў святар.

radun 2

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне ў канцы Імшы звярнуў увагу на тое, што канфірмацыя – сакрамэнт Духа Святога, які ўдзяляе Хрыстус праз біскупаў – наступнікаў апосталаў. Гэта вялікі дар, які можа быць выкарыстаны для ўдасканальвання чалавека або адкінуты з-за адсутнасці супрацоўніцтва з ласкай Бога, удзеленай у Духу, адзначыў іерарх.

Прадстаўнікі канфірмаваных выказалі ўдзячнасць біскупу, а таксама сваім душпастырам, у тым ліку вікарыю парафіі кс. Аляксандру Вараб’ёву, які праз катэхізацыю рыхтаваў іх да прыняцця сакрамэнту.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі