Skip to main content

На заканчэнне навучальнага года ў гродзенскай семінарыі памаліліся за кс. прэлата Міхала Варанецкага ў 25-годдзе смерці

seminaria 1610 чэрвеня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне завяршыўся 2022/2023 навучальны год. Гэты год у яе гісторыі быў трыццаць трэцім па ліку.

Супольнасць семінарыі сабралася ў гродзенскім касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскім) на малітве падзякі за навучальны год і за ўсе ласкі, атрыманыя за гэты час.

Эўхарыстыю ўзначаліў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Алег Буткевіч. У Імшы ўдзельнічалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, выкладчыкі і супрацоўнікі семінарыі, самі студэнты.

На Імшы маліліся таксама за кс. прэлата Міхала Варанецкага з Кангрэгацыі ксяндзоў місіянераў у 25-ю гадавіну яго смерці.

seminaria 8

У гаміліі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі нагадаў прысутным жыццёвы шлях ксяндза Варанецкага, які быў генеральным вікарыем Гродзенскай дыяцэзіі, першым духоўным айцом студэнтаў семінарыі ў Гродне і афіцыялам біскупскага суду.

На заканчэнне літургіі рэктар семінарыі кс. канонік Віталій Вайцяхоўскі падзякаваў усім прысутным за дар супольнай малітвы, асабліва ў інтэнцыі спачылага ксяндза Міхала.

Біскуп Алег Буткевіч выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто сваім служэннем, працай і руплівасцю ўнёс уклад у дзейнасць гродзенскай Alma Mater. Ён падзякаваў рэктару, выхаваўцам і спаведнікам, выкладчыкам – духоўным і свецкім асобам – за працу перадачы ведаў студэнтам.

seminaria 7

Семінарыстам старшыня епіскапату пажадаў добра выкарыстаць час канікул, каб ён быў нагодай даваць добрае сведчанне бліжнім, спрыяў паглыбленню і ўмацаванню асабістай духоўнай сувязі з Езусам Хрыстом.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі