11 чэрвеня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад) арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святкаванне ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Езуса Хрыста. Сёлета гэтая ўрачыстасць адзначалася ў Каталіцкім Касцёле 8 чэрвеня.
На святкаванні ў адэльскай парафіі дзеці прынялі Першую Камунію.
У гаміліі на ўрачыстай Імшы арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў значэнне гэтага свята як публічнага вызнання веры і пашаны да Эўхарыстыі. Іерарх дадаў, што Езус пакідае сцены касцёла, каб паглядзець, ці прысутнічае Ён у жыцці людзей.
Арцыбіскуп нагадаў, што Езус абяцаў габрэям хлеб вечнага жыцця – Яго Цела і Кроў, Эўхарыстыю. Але яны адышлі, бо ўспрынялі гэта як своеасаблівае людаедства. “Сакрамэнтальная мова не мае значэння для абмежаванага матэрыялістычнага мыслення”, – адзначыў іерарх.
Ён звярнуў увагу, што падобная праблема існуе і сёння: “Калі чалавек набліжаецца да Эўхарыстыі толькі з матэрыялістычным менталітэтам, то не зможа зразумець і атрымаць пладоў гэтага дару Божай любові”. “Эўхарыстыя якасна адрозніваецца ад той ежы, якую мы спажываем кожны дзень. Яна перамяняе нас у Хрыста. Прымаючы Эўхарыстыю, мы становімся тым, што ядзім. Падобна як фарбавальнік змяняе колер вады, так эўхарыстычны Езус перамяняе нас у Сябе”, – патлумачыў арцыбіскуп.
Таксама іерарх закрануў пытанне, чаму многія з вернікаў, якія прымаюць Эўхарыстыю, не адчуваюць радыкальных перамен у сваім жыцці. У гэтай сувязі ён узгадаў аповед пра тое, як некалькі чалавек у паходзе ў тайзе елі сухары. Адзін з іх, зламаўшы зуб, раззлаваўся на засохлы хлеб. У адказ жа пачуў ад сябра, што праблема не ў хлебе, а ў яго гнілых зубах.
“Калі мы не адчуваем, каб нас перамяняла сіла Эўхарыстыі, то праблема не ў ёй, а ў нашай веры, якая дэфармавалася і загнівае”, – падкрэсліў арцыбіскуп.
Іерарх павіншаваў дзяцей, якія прыступілі ў гэты дзень да Першай Камуніі, з гэтым святам. Ён заклікаў дзяцей, іх бацькоў і ўсіх астатніх вернікаў прымаць Эўхарыстыю з жывой верай у прысутнасць у ёй Хрыста, каб дасведчыць Божую моц, якая перамяняе людзей.
Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла да чатырох алтароў, якія традыцыйна рыхтуюцца на ўрачыстасць Божага Цела.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі