Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста (іншая назва – Божага Цела), якая сёлета адзначалася 8 чэрвеня, адсвяткавалі таксама ў Іўі.
Як вядома, у 2021 г. пачаўся Сінод Біскупаў на тэму “На карысць Касцёла сінадальнага: камунія, удзел і місія”. Сінод – прастора сустрэчы біскупаў адзін з адным і са Святым Айцом, месца для абмену вопытам і інфармацыяй для сумеснага пошуку ўніверсальных пастырскіх рашэнняў.
Гісторыя Касцёла паказвае, што сінадальная дзейнасць – вельмі важная яго частка. Цяперашні Сінод жадае разгледзець розныя аспекты жыцця Рыма-Каталіцкага Касцёла, адзін з іх звяртае заклік да кожнага, хто належыць да Божага народа – свецкіх вернікаў, канcэкраваных асобаў і святароў.
Свецкія вернікі – асноўная частка Касцёла – могуць шмат сказаць не толькі аб яго дасягненнях, але і аб праблемах. Таму беларускі каталіцкі епіскапат падтрымаў гэтую ідэю і прысвяціў 2023 пастырскі год апостальству свецкіх людзей.
Беларускія біскупы адзначаюць, што мясцовы Касцёл удзячны свецкім вернікам за ўдзел у яго адраджэнні і дзейнасці, што праяўляецца перадусім у аднаўленні старых і будаўніцтве новых святыняў, катэхізацыі, дабрачыннасці, СМІ, арганізацыі пілігрымак і іншых акцыях. Разам з тым епіскапат адзначае, што хрысціянства перажывае пэўны парадокс: павялічваецца колькасць людзей, якія жывуць так, быццам Бог не існуе, заўважаецца рэлігійная абыякавасць, а з іншага боку – відавочны якасны прагрэс веры ў жыцці свецкіх людзей. Нямала з іх цікавіцца Евангеллем, хоча жыць яго праўдай і несці яе тым, хто яшчэ яе не пазнаў або забыўся.
Гэта можна перакласці і на парафіі Іўеўскага дэканату. За шматгадовую гісторыю каталіцтва на іўеўскай зямлі менавіта пры ўдзеле свецкіх людзей будаваліся і аднаўляліся святыні, арганізоўвалася катэхетычная дзейнасць і дабрачыннасць. Яркім прыкладам удзелу свецкіх вернікаў у жыцці Касцёла з’яўляецца ўрачыстасць Божага Цела. Менавіта маштабы і ўмовы гэтага свята могуць найбольш шырока адчыніць дзверы перад вернікамі для творчасці і супольнай працы.
Па вуліцах праходзяць эўхарыстычныя працэсіі, прысвечаныя гэтай урачыстасці, падчас якіх робяцца чатыры прыпынкі каля імправізаваных алтароў. У Іўі для гэтага свята характэрны вялікі маштаб – перад алтарамі ствараюцца кветкавыя дываны, у меншых парафіях маштабы больш сціплыя. Але галоўнае, што ў справе падрыхтоўкі да свята вядучая роля аддаецца вернікам, а духоўныя асобы граюць ролю кансультантаў. Заўважана, што парафіяльная супольнасць з удзячнасцю і павагай ставіцца да тых, хто прыняў удзел у арганізацыі працэсіі.
Вядома, што супольная праца яднае людзей. Так і ў гэтым выпадку: амаль на працягу тыдня патрабуецца як творчая, так і фізічная праца – прыдумаць дызайн алтара, змайстраваць яго, сабраць кветкі, аформіць усё гэта. Тыя, хто не можа ў поўнай меры далучыцца да стварэння алтара і дываноў, заўсёды стараюцца прынесці свае кветкі.
Для арганізацыі працы вернікі парафіі ўмоўна дзеляцца на групы, да кожнай з якіх далучаецца духоўная асоба. Адным алтаром займаюцца бацькі дзяцей, якія нядаўна прынялі Першую Камунію, іншымі – малітоўныя суполкі і жыхары асобных вуліц. Знаходзіцца і месца для спаборніцтва – кожная група імкнецца зрабіць найпрыгажэй.
У дзень урачыстасці працы хапае для ўсіх: мужчыны ўсталёўваюць каркас алтара, жанчыны выкладваюць дываны з кветак. Адказныя за дэкор ужо ў 6 гадзін раніцы прыступаюць да працы па афармленні алтароў. Калі ўсё зроблена, застаецца некалькі мужчын, якія да моманту падыходу працэсіі дбаюць пра свежасць выгляду кветак. Пасля таго, як ля кожнага алтара прагучыць малітва, праца працягваецца – трэба разабраць дэкарацыі, а прыдатныя да выкарыстання пялёсткі кветак збіраюцца і высушваюцца для далейшага прымянення падчас іншых працэсій.
Добрымі плёнамі ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста з’яўляюцца супольная праца, умацаванне ўзаемаадносін і актыўны ўдзел свецкіх людзей у жыцці Касцёла, што спрыяе збліжэнню свецкіх вернікаў і духоўных асобаў, чаго і патрабуе Сінод Біскупаў.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі