7 чэрвеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў маладую парафію благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай у Гродне (Сапоцкінскі дэканат).
На ўрачыстай святой Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці моладзі і дарослым вернікам парафіі – 37 чалавекам. Таксама сакрамэнт прынялі 10 маладых вернікаў суседняй парафіі Маці Божай Ружанцовай у Падлабенні.
На Эўхарыстыі ў часовай капліцы, побач з якой будуецца касцёл, сабраліся шматлікія парафіяне і госці.
Усіх прысутных прывітаў кс. канонік Юрый Марціновіч, пробашч парафіі. Святар назваў гэты дзень асаблівым, бо сакрамэнт канфірмацыі ўпершыню ўдзяляецца на тэрыторыі гэтай парафіі, дзе, як можна верыць, у недалёкай будучыні паўстане прыгожы касцёл.
На Эўхарыстыі прысутныя маліліся аб шчаслівым будаўніцтве святыні, у інтэнцыі ўсіх дабрадзеяў, якія падтрымліваюць яго сваёй малітвай, працай, ахвяраваннямі.
У гаміліі генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч падкрэсліў важнасць сакрамэнту канфірмацыі, які абавязвае вызнаваць веру і быць яе сведкам у тым месцы, дзе чалавека паставіць Божы Провід.
На заканчэнне Імшы канфірмаваныя выказалі ўдзячнасць біскупу, свайму душпастыру, катэхетам і ўсім, хто прычыніўся да падрыхтоўкі ўрачыстасці.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў парафіян, асабліва маладых людзей, штодзённа жыць верай і быць апосталамі ў месцах сваёй вучобы і працы.
Вернікам гэтай парафіі іерарх пажадаў надзеі, каб працягваць з Божай дапамогай і пры ўдзеле людзей добрай волі ўзводзіць святыню, так патрэбную мясцовай супольнасці.
Таксама біскуп Аляксандр падкрэсліў важнасць стварэння жывой святыні, якая складаецца з чалавечых сэрцаў, назваўшы гэта не менш важным, чым будаўніцтва касцёла матэрыяльнага.
Іерарх падзякаваў пробашчу за працу стварэння парафіі і будаўніцтва святыні, пажадаў усёй супольнасці моцы і адвагі ў здзяйсненні гэтай важнай справы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Міхал Міклашэвіч, Артур Антушэвіч