4 чэрвеня, у нядзелю Найсвяцейшай Тройцы, у парафіі ў Крупаве (Лідскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць тытулу касцёла.
Парафіяльную супольнасць у гэты дзень наведаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
На ўрачыстай Эўхарыстыі іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі моладзі і дарослым вернікам, адпаведным чынам падрыхтаваным да гэтага праз катэхізацыю.
Усіх прысутных прывітаў кс. Віктар Савіцкі, пробашч парафіі. Святар адзначыў, што для мясцовых вернікаў нядзеля Найсвяцейшай Тройцы – заўсёды адметны дзень, а ў гэты раз ён мае асаблівае значэнне па прычыне прысутнасці біскупа.
У гаміліі кс. канонік Юрый Марціновіч, сакратар біскупа Гродзенскага, засяродзіў увагу вернікаў на таямніцы Святой Тройцы, якая спадарожнічае кожнаму чалавеку на працягу ўсяго жыцця.
Святар асабліва падкрэсліў значэнне Духа Святога, дары якога ў гэты дзень атрымлівалі тыя, хто прыступаў да сакрамэнту хрысціянскай сталасці.
На заканчэнне Імшы біскуп Кашкевіч, звяртаючыся да тых, хто прыняў сакрамэнт канфірмацыі, адзначыў, што Крупава ў гэты дзень стала Вячэрнікам, дзе здзейсніўся цуд унутры чалавека, які “можна ўбачыць толькі вачыма веры”. “Вы атрымалі Духа Святога, які робіць нас здольнымі да сапраўднага вызнавання веры, яе абароны і жыцця паводле яе”, – дадаў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў пробашчу за клопат аб парафіяльнай супольнасці і верніках, нядаўна даручаных яму.
Завяршылася ўрачыстасць эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі