4 чэрвеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах у чарговы раз адзначылі Дзень бацькі.
Вернікі, якія прыбылі ў санктуарый, мелі магчымасць паяднацца з Панам Богам у споведзі і набраць вады ў крыпце касцёла. Таксама яны ўдзельнічалі ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Пасля адбылася святая Імша, якую ўзначаліў дэкан Ашмянскага дэканату кс. канонік Ян Пузына, шчыры прыхільнік Маці Божай Барунскай. Гамілію прамовіў а. Валерый Шэйгерэвіч OFMСonv з Пяршаяў.
У гэтым асаблівым месцы перад цудадзейным абразом Найсвяцейшай Панны Марыі кожны мог скласці на алтар свае цярпенні і перамогі, просьбы, радасці і засмучэнні, перажыванні і клопаты з надзеяй на Тую, якая можа дапамагчы.
Маці Божая Барунская піша вялікую гісторыю ў сэрцах тых, хто да Яе звяртаецца. Як гаворыцца ў адной з песняў:
Калі мне цяжка – іду да Цябе
Выплакаць душы пакуты,
Перад Тваім абразом галаву схіляю ў хвіліны вялікіх сумненняў.
А калі перажываю шчасця хвіліны, бягу да Цябе з падзякай,
Перад Тваім абразом галаву схіляю і да малітвы складаю рукі.
Ганна Каханоўская