Супольнасць салезіянаў ксяндза Боско ў Беларусі i курыя Гродзенскай дыяцэзіі са смуткам паведамляюць, што 31 мая ў Польшчы на 82-м годзе жыцця, 62-м годзе манаскага жыцця і 51-м годзе святарства адышоў у вечнасць ксёндз Станіслаў Лугоўскі SDB, які чвэрць стагоддзя нёс служэнне ў Беларусі.
Ксёндз Станіслаў Лугоўскі нарадзіўся 16 лютага 1942 г. у Вылянах (Польшча).
Першыя манаскія абяцанні ў супольнасці салезіянаў прынёс у 1961 г. Пасвячэнне ў ступені прэзбітэрату прыняў 13 чэрвеня 1972 г.
У 1991 г. пачаў служэнне на Беларусі. Спачатку служыў у Гродзенскай дыяцэзіі – у Ашмянах, Бердаўцы і Лідзе.
Затым служыў у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіi – у Багданаве, Бараўлянах i Раўбічах.
У канцы 2015 г. ксёндз Станіслаў вярнуўся на радзіму ў Польшчу, дзе працягваў душпастырскую дзейнасць.
Пахаванне пройдзе ў суботу 3 чэрвеня ў парафіі Маці Божай Міласэрнасці ў Сувалках (Польшча). У 11.30 адбудзецца Ружанец, у 12.00 – пахавальная святая Імша, якую ўзначаліць дапаможны біскуп Элцкай дыяцэзіі Дарыюш Залеўскі.
Імша ў інтэнцыі памерлага ксяндза Станіслава таксама адбудзецца 3 чэрвеня ў 18.00 у парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Бердаўцы (Лідскі дэканат)
Вечны адпачынак дай яму, Пане…