28 мая ў араторыі св. Яна Боско, які дзейнічае пры парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні, адбылося свята сям’і для дзяцей і іх бацькоў.
Святочная праграма пачалася Эўхарыстыяй.
У казанні кс. Міхаіл Радзевіч SDB засяродзіў увагу на ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, якая адзначалася ў гэты дзень, і Яго дзеянні ў жыцці кожнага чалавека. Святар адзначыў, што Дух дае суцяшэнне і адвагу, каб пераносіць складаныя моманты, і дапамагае радасна ўспрымаць штодзённае жыццё. Па яго словах, дзеянне Духа можна заўважыць у сям’і, калі яе члены імкнуцца жыць у згодзе і ўзаемнай павазе; натуральна, што ў сем’ях узнікаюць непаразуменні, але Дух Святы вядзе да еднасці, прабачэння і любові.
Таксама святар нагадаў пра Святую Сям’ю і заахвоціў вернікаў імкнуцца будаваць свае сем’і на яе ўзор.
Пасля Імшы дзеці і бацькі накіраваліся на вуліцу, дзе іх чакала вясёлая забаўляльная праграма, падрыхтаваная ксяндзамі салезіянамі, сёстрамі салезіянкамі, салезiянамi-супрацоўнікамі, аніматарамі, кандыдатамі ў анiматары i памочнікамі анiматараў.
Прысутныя мелі магчымасць паўдзельнічаць у розных стэндавых гульнях і зарабіць балы, якія пасля можна было абмяняць, каб пачаставацца хот-догамі. Адным са стэндаў быў экалагічны, які даваў магчымасць паспрабаваць сартаваць смецце, каб садзейнічаць захаванню прыроды. Таксама дзецям і бацькам былі прапанаваны латарэя, кафэ, розныя сюрпрызы і забавы, што ім вельмі падабалася, стварала святочны настрой і атмасферу радасці.
Перад заканчэннем свята быў падведзены вынік латарэі, у якой тры пераможцы атрымалі падарункі для ўсёй сям’і.
Завяршылася свята салезіянскім слоўкам кс. Артура Ляшнеўскага SDB, благаслаўленнем кс. Казіміра Муравы SDB і супольным фотаздымкам.
Кс. Міхаіл Радзевіч SDB