29 мая, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў Імшу ў парафіяльнай святыні ў сваім родным Адэльску (дэканат Гродна-Захад).
У касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі сабраліся шматлікія вернікі. Пробашч парафіі кс. канонік Віктар Мыслюк прывітаў усіх прысутных.
У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што Езус з дрэва Крыжа даў нам у асобе святога Яна сваю Маці Марыю як духоўную Маці, якая апякуецца намі – значыць Касцёлам, бо Касцёл – Божы народ, Містычнае Цела Езуса.
Іерарх дадаў, што ўспамін Маці Касцёла з’яўляецца лагічным працягам урачыстасці Спаслання Духа Святога – падзеі, якая стала днём нараджэння Касцёла. “Ля калыскі нованароджанага дзіцяці знаходзіцца яго маці, таксама і пры нараджэнні Касцёла прысутнічала Марыя, таму лагічна, што Яна з’яўляецца Маці нованароджанай супольнасці святога Касцёла”, – сказаў арцыбіскуп.
“Задача маці – не толькі нарадзіць дзіця, але таксама выхоўваць і бараніць яго. Падчас першага пераследу Касцёла хрысціяне ў катакомбах малявалі выявы Божай Маці, якая ў свае абдымкі бярэ ўсіх людзей. Гэта сімвал Яе як Маці Касцёла, апекі над ім”, – заўважыў іерарх.
Ён адзначыў, што сілы для выконвання гэтага абавязку Марыі дае Святы Дух, з якім Яна была звязана з моманту Звеставання, калі пачула ад арханёла Габрыэля, што Дух сыйдзе на Яе. Дзякуючы гэтаму Яна стала Маці Збаўцы, з гэтага моманту ўсё Яе жыццё падпарадкоўваецца дзеянню Духа, які вядзе Яе шляхам Божага Провіду, дадаў арцыбіскуп.
“Праўда аб тым, што Марыя з’яўляецца Маці Касцёла, нагадвае нам, што мы не адны, што намі апякуецца Марыя як наша духоўная Маці”, – падкрэсліў іерарх.
Арцыбіскуп заклікаў вернікаў, каб яны пад апекай Марыі не гублялі надзеі і трывала ўзрасталі ў святасці як мэце зямнога жыцця.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі