Skip to main content

У варнянскай парафіі благаславілі выпускнікоў

warniny 1Зусім хутка для выпускнікоў школ прагучыць апошні званок. З гэтай нагоды 12 мая ў парафіяльным касцёле св. Юрыя, мучаніка, у Варнянах (Астравецкі дэканат) сёлетнія выпускнікі сабраліся на святой Імшы.

Як паведамляе сайт варнянскай парафіі, выпускнікі разам з бацькамі, бабулямі, дзядулямі, настаўнікамі прыйшлі папрасіць аб Божым благаслаўленні на далейшы жыццёвы шлях, падзякаваць Богу за час навучання, за ўсіх, хто ў гэтыя гады быў побач з імі, падтрымліваў, дапамагаў духоўна і інтэлектуальна расці, станавіцца больш мудрымі, годнымі, гатовымі да самастойнага жыцця.

warniny 2

Перад Эўхарыстыяй выпускнікі і бацькі прыступілі да сакрамэнту пакаяння, каб ачысціць свае сэрцы і атрымаць магчымасць паяднацца з Богам.

На Імшы пробашч парафіі кс. Віктар Захарэўскі маліўся за выпускнікоў і іх класнага кіраўніка Дзмітрыя Карвецкага.

warniny 3

На пачатку літургіі святар заахвоціў выпускнікоў дзякаваць у першую чаргу за дар жыцця, за бацькоў, выхаваўцаў, настаўнікаў, усіх, каго сустрэлі за гады вучобы. Пробашч адзначыў, што той, хто дзякуе, атрымлівае двойчы, а хто давярае Богу, заўсёды знаходзіцца пад Яго апекай.

Кожнаму з выпускнікоў ксёндз Віктар удзяліў благаслаўленне. На заканчэнне Імшы пробашч уручыў кожнаму абраз Маці Божай Тройчы Цудоўнай і пажадаў, каб Яна заўжды заступалася за іх перад сваім Сынам і суправаджала іх на жыццёвым шляху.

warniny 4

Таксама ксёндз Віктар, які заўсёды дбае пра духоўнае выхаванне дзяцей і моладзі, выказаў пажаданне, каб выпускнікі, будучыя студэнты, будучыня беларускай зямлі, мелі ў сэрцах месца для Бога, знаходзілі час, каб прыходзіць у святыню не толькі ў складаныя хвіліны жыцця, але і кожную нядзелю, ніколі не забывалі сваіх бацькоў, заставаліся Божымі дзецьмі і добрымі людзьмі.