Кусташ дыяцэзіяльнага санктуарыя Каралевы нашых сем’яў у Тракелях кс. канонік Юрый Бяганскі здзейсніў благаслаўленне аўтатранспарту раённага аддзела ўнутраных спраў Лідскага райвыканкама.
У аддзеле ўнутраных спраў быў праведзены таксама тэхнічны агляд транспартных сродкаў з мэтай падтрымання службовага аўтатранспарту ў пастаяннай гатоўнасці да выканання аператыўна-службовых задач, умацавання транспартнай дысцыпліны і павышэння бяспекі дарожнага руху.
Звяртаючыся да супрацоўнікаў РАУС, кусташ сказаў: “Я б хацеў, каб аўтамабілі добра служылі вам у паўсядзённай працы, а нам забяспечвалі бяспеку. Вядома, благаслаўленне транспартных сродкаў не прызначана для таго, каб абараніць нас ад пакарання! Пакаранне ўзнікае не з-за адсутнасці благаслаўлення, а з-за таго, што хтосьці парушае правілы дарожнага руху. Божае благаслаўленне павінна падахвочваць нас захоўваць тыя прынцыпы, якія служаць агульнаму дабру, а не парушаць іх”.
“Хай Бог благаславіць вашу працу!” – пажадаў на заканчэнне кс. канонік Юрый Бяганскі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі