14 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў з душпастырскай паслугай Астравец. У касцёле святых Космы і Дам’яна іерарх узначаліў урачыстую Імшу, якая сабрала шматлікіх удзельнікаў.
На Эўхарыстыі біскуп удзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам гэтай парафіі і парафіі Адшукання Святога Крыжа. Такім чынам, гэты дзень стаў важным духоўным святам для дзвюх парафіяльных супольнасцяў Астраўца.
Вялікая група канфірмаваных, якая складалася з дарослых і моладзі, рыхтавалася да прыняцця Святога Духа доўгі час з дапамогай малітвы і катэхізацыі.
На пачатку Імшы пробашч парафіі святых Космы і Дам’яна кс. канонік Юзаф Багдзевіч прывітаў біскупа і ўсіх прысутных, а таксама папрасіў іерарха аб удзяленні сакрамэнту хрысціянскай сталасці.
У гаміліі кс. канонік Віталій Вайцяхоўскі, рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, які паходзіць з гэтай парафіяльнай супольнасці, казаў пра важнасць канфірмацыі ў жыцці чалавека, падкрэсліўшы, што тых, хто прымае гэты сакрамэнт, Дух Святы суправаджае і дае ім патрэбную адвагу ў здзяйсненні выбару і прыняцці рашэнняў.
На заканчэнне літургіі біскуп адзначыў, што ў канфірмацыі Бог удзяляе не толькі сем дароў Духа, але і безліч іншых дароў, патрэбных кожнаму. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў канфірмаваных карыстацца гэтымі дарамі ў жыцці.
Парафіяне, якія прыступілі да канфірмацыі, выказалі шчырую падзяку Богу за такі важны ў іх жыцці дзень, падзякавалі сваім душпастырам і катэхетам за дзяленне верай, ведамі і вялікай любоўю. Па іх словах, яны ўсведамляюць, што з прыняццем гэтага сакрамэнту духоўнае развіццё не спыняецца, а наадварот, вясна веры толькі пачынаецца.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі