Skip to main content

Біскуп Гродзенскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў парафіі ў Кемелішках

kemeleski 3314 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Кемелішках (Астравецкі дэканат).

На ўрачыстай Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі маладым і дарослым парафіянам.

У Эўхарыстыі прынялі ўдзел шматлікія вернікі. Усіх прысутных прывітаў пробашч кс. Аляксандр Сямінскі, падкрэсліўшы, што гэты дзень з’яўляецца для іх сапраўдным святам, да якога яны рыхтаваліся доўгі час.

У гаміліі кс. канонік Віталій Вайцяхоўскі, рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, засяродзіў увагу на важнасці сакрамэнту хрысціянскай сталасці ў жыцці чалавека.

На заканчэнне літургіі біскуп Аляксандр Кашкевіч заахвоціў вернікаў, асабліва моладзь, штодзённа даваць сапраўднае сведчанне пра Хрыста ў сваіх супольнасцях і мець адвагу прызнаваць, што належаць да Касцёла.

Іерарх нагадаў, што праз малітву і намашчэнне святым алеем хрызма ў сакрамэнце канфірмацыі парафіяне атрымалі дары Духа Святога, якія так неабходны кожнаму чалавеку.

kemeleski 28

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне пажадаў тым, хто ўзбагаціўся сямю дарамі Духа, старацца кожны дзень вызнаваць сваю веру і жыць паводле яе правілаў.

“Будзьце людзьмі веры, будзьце паслухмянымі Духу Святому, які няспынна падтрымлівае чалавека і вядзе Касцёл па дарозе жыцця”, – дадаў біскуп Аляксандр.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі