Skip to main content

Урачыстасць у гонар св. Станіслава адзначылі з удзелам біскупа Буткевіча ў Ляцку

lack 88 мая ў вёсцы Ляцк (Шчучынскі дэканат) адзначалася адпустовая ўрачыстасць у гонар нябеснага апекуна мясцовай парафіяльнай супольнасці – св. Станіслава, біскупа i мучаніка.

Урачыстасць узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. У ёй удзельнічалі шматлікія святары, сярод якіх канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. канонік Дзмітрый Пухальскі, духавенства Шчучынскага дэканату на чале з дэканам кс. Юрыем Кузьмічом, духавенства Лідскага, Мастоўскага, Гродзенскіх дэканатаў. Святую Імшу ўпрыгожыў спевам хор з Ліды.

На пачатку літургіі пробашч кс. Уладзімір Аксенцьеў прывітаў парафіян і гасцей. Біскуп цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх парафіян, аб ix здароўі i ўмацаванні веры, аб магчымасці працягваць абвяшчаць Божае слова. Прысутныя святары маліліся ў інтэнцыях, якія склалі вернікі.

lack 4

У гаміліі іерарх звярнуўся да парафіян з заклікам аб захаванні веры. “Нягледзячы на цяжкія i выпрабавальныя часы дваццатага стагоддзя, нашыя дзяды, прадзеды дзякуючы сваёй стойкасці i моцнай, сапраўднай веры ў Бога змаглі яе захаваць i перадаць нам, каб мы маглі праслаўляць імя Пана ў такім прыгожым месцы і такой прыгожай святыні”, – сказаў біскуп, i заахвоціў кожнага задаць сабе пытанне: “Ці сапраўды я верlack 13у ў Бога, ці з’яўляецца для мяне тое, што я прыходжу ў касцёл, сапраўднай, жывой верай або толькі традыцыяй?”

Біскуп прывёў прыклад сапраўднай веры, нагадаўшы пра св. Станіслава. Гэты святы, як адзначыў іерарх, ніколі не заплюшчваў вачэй на зло, не адрокся ад свайго паклікання, сваіх поглядаў, а аддаў жыццё за веру і справядлівасць, прыняўшы пакутніцкую смерць.

Іерарх падкрэсліў, што вера павінна быць жывой і трывалай, як у святога Станіслава, каб кожны мог перадаць яе сваім дзецям, унукам, праўнукам, як перадалі яе нашыя бацькі, дзяды i прадзеды.

Таксама біскуп звярнуў увагу, што цяперашні час з’яўляецца цяжкім i выпрабавальным для маладога пакалення, бо існуе мноства спакусаў, якія часта зацягваюць маладых людзей, таму ix трэба выхоўваць i накіроўваць у правільным напрамку – напрамку веры ў Бога. Гэта, па словах іерарха, патрэбна і для таго, каб такая прыгожая святыня, як касцёл у Ляцку, не засталася пустой i забытай. Будучыня веры, як дадаў біскуп, залежыць ад кожнага чалавека, ад таго, што кожны зможа захаваць i перадаць нашчадкам.

На заканчэнне Імшы парафіяне выказалі падзяку біскупу і ўсім прысутным святарам за супольную малітву, за тое, што ix удзел зрабіў гэтае свята яшчэ больш урачыстым.

 

У час Эўхарыстыі кожны мог атрымаць поўны адпуст, а таксама прыступіць да споведзі.

Біскуп павіншаваў тых з духавенства і вернікаў, хто ў гэты дзень адзначаў імяніны, пажадаўшы ім заступніцтва ix нябеснага апекуна, а таксама падзякаваў пробашчу за запрашэнне, за магчымасць сустрэцца i пагутарыць са святарамі.

Затым адбылася працэсія, пасля якой удзельнікі разам праспявалі гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”.

Вернікі, праслаўляючы ў сэрцах Бога, дзякавалі Яму за магчымасць удзелу ў святкаванні, а найперш дзякавалі за свайго пробашча кс. Уладзіміра, стараннямі якога ўжо не адзін год гэтае парафіяльнае свята перарастае ў вялікую ўрачыстасць, памяць пра якую застаецца ў сэрцах на доўгі час.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі