Skip to main content

Першы выпуск навучэнцаў “Курсаў сямейнага жыцця”

У парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне адбылася ўрачыстасць з нагоды першага выпуску навучэнцаў “Курсаў сямейнага жыцця”.


Свята пачалося са cв. Імшы, якую узначаліў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч. На пачатку а. Пётр Фраштэнга OCD, сакратар рады па справах сям’і пры ККББ узгадаў гісторыю ўзнікнення Курсаў уГродне ў 2009 годзе.

У свята Найсвяцейшай Панны Марыі з Лурда і Сусветны дзень хворага кс. бп Аляксандр адзначыў важнасць і неабходнасць ахвяравання свайго цярпення Богу і хрысціянскай падтрымкі хворых людзей. Шмат цёплых слоў было адрасавана выпускнікам і навучэнцам курсаў з надзеяй на тое, што атрыманыя веды дапамогуць у працы ў душпастырствах і сучасная сям’я вернецца да жыцця па Законе Божым.

Напрыканцы кс. бп Аляксандр і нязменны кіраўнік курсаў с. Барбара Сайнок уручылі дыпломы і падарункі 14 выпускнікам.

Свята мела свой працяг за кубачкам гарбаты. З пажаданнем добрых ведаў і адзнак усім студэнтам 1 і 2 курсаў ксёндз біскуп уручыў заліковыя кніжкі.

Алена Якута