30 красавіка ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі. Да яго прыступілі 53 чалавекі – моладзь і дарослыя.
Удзяліў сакрамэнт дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
Гэты сакрамэнт з’яўляецца на шляху хрысціянскай ініцыяцыі другім пасля хросту. Плён канфірмацыі – асаблівае ўдзяленне Духа Святога, такое, як у дзень Пяцідзясятніцы. Яно пакідае ў душы незнішчальны адбітак і садзейнічае ўзрастанню ласкі хросту: больш глыбока ўкараняе ў Божым усынаўленні; больш цесна яднае з Хрыстом і Ягоным Касцёлам; умацоўвае ў душы дары Духа; адорвае асаблівай моцай для сведчання хрысціянскай веры.
На ўрачыстасць вернікі Смаргоні сабраліся на палявым алтары побач з касцёлам. Кандыдаты да канфірмацыі прывіталі біскупа Аляксандра Яшэўскага. Са словамі прывітання да іерарха звярнуўся старшыня смаргонскага райвыканкама Генадзій Харужык, таксама ўручыўшы біскупу памятныя падарункі ад смаргонскай зямлі. Затым іерарха прывіталі вернікі традыцыйным беларускім хлебам ды соллю, а пробашч запрасіў пакланіцца Хрысту ў парафіяльнай святыні.
Музычную анімацыю ўрачыстай Імшы ажыццяўляў запрошаны з Мінска каталіцкі гурт “Vеrbum Dei”.
Пасля Літургіі Слова кандыдаты да канфірмацыі былі прадстаўлены біскупу, а пробашч выказаў яму просьбу ўдзяліць сакрамэнт хрысціянскай сталасці гэтым выбраным. Кандыдаты выказалі жаданне жыць Хрыстовым Евангеллем і мужна вызнаваць веру.
У гаміліі біскуп растлумачыў кандыдатам да канфірмацыі, чым з’яўляецца гэты сакрамэнт. Іерарх падкрэсліў важнасць і асаблівую ролю Духа Святога ў жыцці Касцёла і кожнага католіка. Таксама ён засяродзіў увагу на двух важных сімвалах дзеяння Духа Святога – ветры і вадзе, патлумачыў іх сутнасць, раскрыўшы прысутным таямніцу дзеяння Духа ў жыцці хрысціян.
Затым адбыўся абрад канфірмацыі. Біскуп і прэзбітэры, якія канцэлебравалі Імшу, ускладалі рукі на тых, хто прыступаў да сакрамэнту. Ускладанне рук – біблійны жэст, якім заклікаецца дар Духа Святога. Таксама кандыдаты атрымалі намашчэнне алеем хрызма, якое азначае плён дару Духа. Праз здзейсненае рукою біскупа намашчэнне духмяным алеем яны прынялі незнішчальны знак, пячаць Пана, разам з дарам Духа, які больш дасканала прыпадабняе іх да Хрыста і дае ласку пашыраць сярод людзей “прыемны водар”.
У працэсіі з дарамі як дар ад тых, хто ў гэтым годзе атрымаў сакрамэнт канфірмацыі, былі прынесены фэрэтрон Найсвяцейшага Сэрца Езуса, які будзе ўдзельнічаць ва ўсіх эўхарыстычных працэсіях парафіі, і рэліквіярый, у якім будуць змешчаны рэліквіі святога мучаніка, замураваныя затым у новы эўхарыстычны алтар смаргонскага касцёла.
Пасля Імшы тыя, хто прыступіў да канфірмацыі, падзякавалі Богу і біскупу за атрыманы дар. Біскуп благаславіў новы фэрэтрон і памятныя крыжы, якія забралі з сабой на памяць пра гэты дзень канфірмаваныя вернікі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі