22 красавіка адбылася пілігрымка моладзі, якая рыхтуецца да прыняцця сакрамэнту канфірмацыі, з парафій, дзе служаць айцы піяры – св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне і Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе.
Моладзь наведала дыяцэзіяльны санктуарый Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) і здзейсніла невялікае падарожжа “шляхам піяраў” па Лідзе.
Маладыя вернікі былі захоплены краявідамі Тракеляў. Юнакі і дзяўчаты даведаліся шмат новага пра мясцовую парафію і яе гісторыю, пра абраз Маці Божай Тракельскай і яго цуды. За гасціннасць і цікавыя расказы яны вельмі ўдзячныя кусташу санктуарыя кс. каноніку Юрыю Бяганскаму.
Таксама ў санктуарыі яны прынялі ўдзел у святой Імшы, на якой маліліся ў інтэнцыі тых, хто рыхтуецца да канфірмацыі, і разважалі пра гэты сакрамэнт: як падрыхтавацца да яго найлепшым чынам, навошта ён патрэбен, чым дапамагае.
Кожны меў магчымасць атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні, умацаваць веру ў сваім сэрцы, паяднацца з Богам. Акрамя таго, маладыя людзі даведаліся пра малітву Вяночка з дванаццаці зорак.
Затым адбылося падарожжа “шляхам піяраў” па Лідзе. Моладзь наведала касцёлы, дзе раней працавалі айцы піяры, а пасля “завітала ў госці”.
Айцец Віталій Слука SP правёў для маладых людзей цікавую канферэнцыю на тэму “Нашае жыццё з Богам. Як яно павінна выглядаць? Як мы можам узмацніць сваю веру?”.
Потым удзельнікі атрымалі творчае заданне, у межах якога паспрабавалі ўявіць сваё жыццё пасля прыняцця сакрамэнту канфірмацыі і зрабіць высновы, якія аформілі ў выглядзе правіл на паперы.
“Шмат чаго праяснілася ў маёй душы пасля гэтага дня. Зразумела, што дарма сумнявалася ў неабходнасці прыступіць да канфірмацыі. А столькі ўсяго новага ўвойдзе ў маё жыццё! Цяпер я дакладна ведаю, што гэта толькі пачатак майго вялікага падарожжа”, – падзялілася адна з дзяўчын.
Удзельнікі пілігрымкі зноў упэўніліся ў тым, якія яны дружныя, бо, нягледзячы на розныя інтарэсы, усе яны з’яднаны адной мэтай і верай у Хрыста. Варта спадзявацца, што пілігрымка дапаможа ім у падрыхтоўцы да прыняцця сакрамэнту, які пачне іх жыццё як сапраўдных хрысціян, і развеіць усе сумневы, якія былі ў іх на душы.
Дзіяна Ліпская
Фота: Паліна Карпінская