Глыбокапаважаныя святары і манаскія асобы!
Дарагія браты і сёстры!
У IV Велікодную нядзелю, якую Касцёл называе нядзеляй Добрага Пастыра, мы адзначаем 60-ы Сустветны дзень малітваў аб пакліканнях да святарства і манаскага жыцця.
Слова пакліканне азначае заклік і прадугледжвае, што хтосьці кліча і кагосьці клічуць. Безумоўна, як католікі мы атаясамліваем таго, хто заклікае, з самім Богам. Мы верым, што Бог мае план для кожнага з нас і што Бог кліча нас, запрашае разгледзець гэты план і прыняць яго. У адрозненне ад простай працы, пакліканне з’яўляецца ўсёабдымным, патрабуе свабоднага і добраахвотнага адказу і поўнай адданасці Таму, хто кліча, і таму, што ад нас патрабуецца ў гэтым пакліканні.
Жыццё ў шлюбе і любоў мужа і жонкі — такое пакліканне. Такім пакліканнем з’яўляецца манаскае жыццё ў яго шматлікіх формах. Самотнае жыццё — гэта таксама пакліканне. І святарскае служэнне — гэта пакліканне.
Заклік Пана — гэта не ўварванне Бога ў нашу свабоду; гэта не клетка і не цяжар. Наадварот, гэта ініцыятыва любові, праз якую Бог сустракае нас і запрашае прыняць удзел у вялікай справе. Ён адкрывае нашым вачам далягляд адкрытага мора і багатага ўлову. Мы пакліканыя быць смелымі і рашучымі ў пошуку Божага плану для нашага жыцця. Гледзячы на велізарны акіян паклікання, мы не можам задаволіцца тым, што рамантуем свае сеткі, седзячы ў лодцы, якая дае нам бяспеку; мы павінны выплываць на глыбіню і давяраць абяцанню Пана.
Нашыя дыяцэзіі і ўсе іх парафіі павінны спрыяць, садзейнічаць гэтым пакліканням або станам жыцця і маліцца за іх як мага часцей, каб вернікі маглі бачыць сваё жыццё як шчодры і поўны любові адказ добраму і любячаму Богу.
Як біскуп я нясу асаблівую адказнасць за тое, каб заахвочваць маладых людзей да разважанняў аб пакліканні да святарства, але, безумоўна, заахвочваю да малітвы і шчодрага адказу на ўсе пакліканні, згаданыя вышэй. Прэзбітэры, як выразна паказвае абрад пасвячэння ў святарскі стан, з’яўляюцца галоўнымі супрацоўнікамі біскупа ў служэнні Божаму народу.
Не сакрэт, што ў наш час колькасць маладых людзей, якія паступаюць у семінарыю, а таксама колькасць святароў, даступных для парафіяльнай або іншай працы, змяншаецца на працягу дзесяцігоддзяў. Набор семінарыстаў на нацыянальным узроўні аказаўся даволі складаным для дыяцэзій. Не сталі выключэннем і манаскія супольнасці.
Святарскае пакліканне з’яўляецца актуальным прыярытэтам для нашага Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Гэта ні ў якім выпадку не змяншае прыхільнасці да служэння свецкіх жанчын і мужчынаў, аднак без святароў не было б Эўхарыстыі; без Эўхарыстыі не было б Касцёла.
Пакліканне сапраўды з’яўляецца Божым дарам, аб якім трэба няспынна маліцца. Ідучы за запрашэннем Езуса, трэба маліцца, каб Гаспадар жніва паслаў работнікаў на сваё жніво (пар. Мц 9, 37). Паразважаем пра Адкупіцеля, які ўстанавіў Эўхарыстыю і святарства на Апошняй Вячэры. У тую святую ноч Ён паклікаў па імені кожнага святара ва ўсе часы. Ён глядзеў на кожнага з іх такім жа позіркам любові і падбадзёрвання, якім Ён глядзеў на Сымона і Андрэя, на Якуба і Яна, на Натанаэля пад смакоўніцай і на Мацвея, які сядзеў на мытні. Езус паклікаў нас і рознымі шляхамі працягвае заклікаць многіх іншых быць Яго служыцелямі. Хрыстус нястомна шукае і кліча ўсіх нас да агульнай адказнасці ў справе пакліканняў да святарства.
Пан Езус ва ўсе часы клікаў па імені кожнага святара. Іншымі словамі, Ён усё яшчэ кліча, і кліча па імені. Гэты заклік можа прыходзіць па-рознаму, не ў апошнюю чаргу гэта прапанова, зробленая святаром, манахам або іншым верным католікам або парафіянінам добраму маладому чалавеку: «Ці думаў ты калі-небудзь пра тое, каб стаць святаром?»
Мы павінны выяўляць і заахвочваць такіх маладых людзей падумаць аб святарстве і маладых жанчын падумаць аб манаскім жыцці. І калі жаночыя і мужчынскія манаскія ордэны нясуць адказнасць за актыўны пошук сваіх новых членаў, пошук і заахвочванне кандыдатаў да дыяцэзіяльнага святарства з’яўляецца абавязкам усіх нас у дыяцэзіі.
У апошні час маладыя людзі кажуць, што іх бацькі і сем’і не заахвочваюць іх станавіцца святарамі, асабліва калі яны адзіныя дачка ці сын у сям’і. Вядома, гэта можна зразумець. Але адказ на Божы заклік, якім бы ён ні быў, заўсёды патрабаваў ахвяры не толькі ад пакліканага, але і ад яго блізкіх і родных.
Адна рэч застаецца нязменнай: неабходнасць засяродзіць нашае жыццё як католікаў на Эўхарыстыі як крыніцы і вяршыні хрысціянскага жыцця. І яшчэ адна рэч, цесна звязаная з Эўхарыстыяй: патрэба ў добрых, святых, адданых святарах. Я веру, што Пан Езус нездарма ўстанавіў абодва гэтыя сакрамэнты адначасова, у ноч перад сваёю смерцю за кожнага з нас.
Пакліканне да святарства, падобна да іншых пакліканняў у жыцці, патрабуе шмат ад пакліканага чалавека. Безумоўна, у «службовай інструкцыі» святара важнай часткай з’яўляецца ахвярнасць. Але таксама і малітва, і навучанне, і прапаведаванне Слова Божага, і перадача касцёльнага вучэння, і ўдзяленне сакрамэнтаў, і парада, і здольнасць кругласутачна служыць Божаму народу ў самых асноўных яго патрэбах. Несумненна, чалавек шмат ад чаго адмаўляецца, каб ісці за гэтым пакліканнем да алтара. Аднак шлях і пункт прызначэння, да якога ён вядзе, даюць ні з чым не параўнальную радасць і адчуванне паўнаты, якія немагчыма перадаць словамі.
Дзякуй Богу за тых, хто выбраў святарскі шлях! Тым, хто думае аб святарстве, хочацца сказаць: «Зрабіце наступны крок!» Тым, хто яшчэ не думаў пра гэта, хочацца сказаць: «Падумайце!» Усім асатнім хочацца сказаць: «Маліцеся да Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на сваё жніво» (пар. Мц 9, 37).
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі некалькі гадоў таму распачала дабравольную ініцыятыву «Духоўная ўспамога святарскіх і манаскіх пакліканняў у Беларусі», каб у нашай краіне заўсёды хапала «работнікаў жніва» — святых, мужных і непахісных у веры. Да гэтай малітоўнай ініцыятывы можна далучыцца ў любы момант.
Нядзеля Добрага Пастыра з’яўляецца добрай нагодай, каб нагадаць пра гэтую ініцыятыву, падзякаваць ад усяго сэрца тым, хто да яе далучыўся і настойліва «штурмуе Неба», просячы аб новых пакліканнях, а таксама заахвоціць ахвотных далучыцца да яе.
Удзельнік ініцыятывы прымае на сябе абавязак на працягу трох або шасці месяцаў ці аднаго года (па жаданні):
• маліцца кожны дзень таямніцу святога Ружанца «Спасланне Духа Святога» ў інтэнцыі новых святарскiх i манаскіх паклiканняў у Беларусі;
• прынамсі раз на месяц удзельнічаць у Эўхарыстыі, ахвяроўваючы святую Камунію ў інтэнцыі новых святарскiх i манаскіх паклiканняў у Беларусі;
• штодзённа чытаць адмысловую малiтву, просячы аб новых святых паклiканнях да святарскага i манаскага жыцця ў Беларусі.
Сапраўды, у сёняшняй рэчаіснасці мы павінны скіраваць да Бога нават больш, чым малітву: скіраваць маленне: «Божа, наш Ойча, мы дзякуем Табе за пакліканне мужчын і жанчын да служэння ў Валадарстве Твайго Сына ў якасці святароў і манаскіх асоб. Спашлі свайго Святога Духа, каб дапамог іншым велікадушна і мужна адказаць на Твой заклік. Няхай наша каталіцкая супольнасць падтрымлівае пакліканне да ахвярнай любові ў нашай моладзі і дарослых. Праз Пана нашага Езуса Хрыста, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя. Амэн».
З благаслаўленем,
Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB
Старшыня Камісіі па справах фармацыі семінарыстаў і святароў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Магілёў, 23 красавіка 2023 года, у Нядзелю Божай Міласэрнасці
P.S. Святары могуць выкарыстаць гэты зварот падчас казання на святой Імшы ў нядзелю Добрага пастыра 30 мая 2023 года.