22 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў фундамент будучага касцёла благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі ў Абухаве недалёка ад Гродна (дэканат Гродна-Усход).
Таксама іерарх асвяціў і ўмураваў у фундамент будучай святыні два вуглавых каменя. Яны былі прывезены з радзімы апекуна парафіі бл. Міхала Сапоцькі – вёскі Навасады Валожынскага раёна: адзін камень – з дома, дзе ён нарадзіўся, другі – з прыступак касцёла, дзе ён быў ахрышчаны.
Новая каталіцкая святыня будзе ўзведзена каля трасы, якая злучае Гродна з Мінскам, недалёка ад праваслаўнай царквы, пабудаванай у Абухаве ў гонар прападобнага Серафіма Сароўскага.
Гістарычная ўрачыстасць сабрала шматлікіх удзельнікаў – мясцовых католікаў, а таксама праваслаўных вернікаў на чале са сваім настаяцелем протаіерэем Ігарам Волкавым, і гасцей, у тым ліку святароў і прадстаўнікоў мясцовай улады.
Усіх прысутных прывітаў пробашч кс. Міхал Васількевіч, які адзначыў, што ў гэты дзень міласэрны Бог сабраў іх на такую важную і непаўторную для парафіі падзею.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да прысутных, выказаў радасць з той нагоды, што ў аграгарадку Абухавa ў 2019 годзе паўстала новая каталіцкая парафія, якая сваім апекуном абрала благаслаўлёнага Міхала Сапоцьку, святара, вернага пасланню Божай Міласэрнасці, якога сам Езус назваў „верным слугой”.
Іерарх дадаў, што кожная парафія хоча мець свой уласны Божы дом, гэта апраўдана і істотна ў жыцці супольнасці, бо рэлігійнае жыццё канцэнтруецца вакол дома, якім з’яўляецца касцёл.
"У парафіях, дзе будуюцца або будаваліся новыя касцёлы, вернікі падкрэсліваюць, што гэтая супольная мэта вельмі іх з’яднала. Радасць прыносіць кожная скончаная праца. Сэрца радуецца відовішчу сцен касцёла, якія становяцца ўсё вышэйшымі”, – сказаў біскуп.
Па яго словах, хоць будаўніцтва матэрыяльнага касцёла звязана з цяжкай працай, ахвярай і адданасцю, аднак гэтыя намаганні прыносяць вельмі вялікую радасць і задавальненне. Таму іерарх заахвоціў вернікаў падтрымаць гэтую ініцыятыву працай, ахвярай і малітвай, дадаўшы: "Несумненна, гэта будзе цудоўная памяць, якая застанецца пасля вас для будучых пакаленняў”.
Як падкрэсліў біскуп, важна таксама памятаць, што адначасова трэба будаваць Касцёл духоўны: духоўнае вымярэнне парафіі надзвычай істотнае, і неабходна стварыць моцную, трывалую і поўную любові сямейную атмасферу.
"Трэба актыўна ўключыцца ў душпастырства, ва ўтварэнне парафіі як супольнасці супольнасцяў, якая будзе ажыўляць сваю веру праз малітву, разважанне над Словам Божым, адарацыю”, – звярнуў увагу пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.
На заканчэнне біскуп пажадаў парафіянам, якія, па яго словах, становяцца з гэтага моманту будаўнікамі, каб яны мелі пачуццё, што ўдзельнічаюць у чымсьці ўзнёслым, гістарычным – тым, што будзе дапамагаць iм і наступным пакаленням на шляху да збаўлення, – і каб намаганне, якое яны будуць рабіць разам, умацоўвала іх сувязь як адной сям’і вернікаў, якіх злучае любоў да Хрыста, да Яго Маці і да Касцёла.
Таксама біскуп Гродзенскі заклікаў усіх прысутных да гарачай малітвы аб шчаслівым будаўніцтве касцёла, які стане сэрцам новай парафіі, дзе будзе струменіцца жыццё і дзе кожны чалавек зможа адчуць, што ён патрэбны і любімы Богам.
Іерарх пажадаў, каб у спаўненні гэтага вялікага і адказнага задання вернікам дапамагаў Апостал Божай Міласэрнасці, благаслаўлёны кс. Міхал, які ў сваёй святарскай і душпастырскай інтуіцыі распазнаў, якія цудоўныя плёны можа прынесці культ Божай Міласэрнасці.
У межах урачыстасці быў падпісаны Акт аб умураванні вуглавых камянёў. Дакумент будзе захоўвацца ў архіве парафіі.
"Няхай гэтыя камяні будуць сімвалам вялікай удзячнасці Богу ў Тройцы Святой Адзінаму за ўсялякае благаслаўленне ў час будаўніцтва, сведчаннем вернасці Крыжу, Евангеллю і Каталіцкаму Касцёлу, а таксама выразам веры, ахвярнасці і працавітасці парафіян, жыхароў Абухава і шматлікіх ахвярадаўцаў”, – адзначаецца ў дакуменце.
Акт быў падпісаны біскупам, пробашчам, іншымі прысутнымі святарамі і запрошанымі гасцямі.
На заканчэнне ўрачыстасці кс. Міхал Васількевіч ад імя парафіян падзякаваў усім за ўдзел у гэтай падзеі, важнай для мясцовай супольнасці, якая пачынае пісаць сваю гісторыю.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі