17 красавіка ў парафіі ў Стадніках (Польшча) адбылося пахаванне кс. Эрнэста Будына, сэрцаніна, які з 1990 па 2013 год служыў на Гродзеншчыне.
Імшу ў інтэнцыі спачылага ўзначаліў кс. Славамір Кнопік, правінцыял Кангрэгацыі святароў Найсвяцейшага Сэрца Езуса (сэрцанаў).
У Эўхарыстыі ўдзельнічалі святары, у тым ліку з Беларусі, для якіх кс. Эрнэст быў асабліва дарагім. Прысутнічалі вернікі парафіі, дзе ён служыў у апошні час, і яго шматлікія родныя.
Пасля Імшы спачылы быў пахаваны на парафіяльных могілках.
Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч з нагоды адыходу кс. Эрнэста да Пана даслаў правінцыялу сэрцанаў спачуванні. Іерарх падкрэсліў, што ў гады святарскага і місіянерскага служэння на Гродзеншчыне той зарэкамендаваў сябе “як руплівы душпастыр, шчыра заклапочаны духоўным дабром даручаных яму вернікаў, дасведчаны арганізатар будаўніцтва касцёла, каштоўны спавяднік і добры духоўны кіраўнік, чыё служэнне паяднання было карысным для шматлікіх духоўных і кансэкраваных асобаў, а найперш як чалавек вялікага сэрца, знакаміты дабрынёй, мяккасцю, прастатой, лагоднасцю духу і адкрытасцю на бліжніх”.
Ксёндз Эрнэст Будын SCI адышоў у вечнасць 14 красавіка ў Тухаве (Польшча) на 88-м годзе жыцця.
Падчас служэння ў Беларусі святар удзельнічаў ва ўтварэнні структуры мясцовай супольнасці сэрцанаў, быў пробашчам парафіі святога Станіслава, біскупа і мучаніка, у Ляцку (Шчучынскі дэканат).
У гэты час ён займаўся аднаўленнем парафіяльнага жыцця і касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Дзембраве пасля вяртання гэтай святыні вернікам і наведваў са святарскімі паслугамі гэтыя мясціны да 2000-х гадоў. На пачатку 1990-х гадоў ён дапамагаў кс. Юзафу Грасевічу ў парафіі св. Антонія Падуанскага ў Каменцы (Шчучынскі дэканат), потым, да свайго ад’езду на радзіму, быў пробашчам парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец).
Ксёндз Эрнэст нарадзіўся ў 1935 годзе ў Кендзежынцы (Польшча). Першыя манаскія абяцанні прынёс у 1952 годзе ў Стадніках, прэзбітэрскае пасвячэнне ўдзяліў яму ў 1960 годзе ў Кальварыі Зэбжыдоўскай арцыбіскуп Караль Вайтыла, пазней — Папа Ян Павел ІІ.
Быў эканомам манаскіх дамоў у Плішчыне, Кракаве і Стадніках, вікарыем у Кросна-Аджаньске, пробашчам парафіі ў Флёрынцы.
У 1990 годзе прыбыў у Беларусь, у 2013 вярнуўся ў Польшчу, дзе стаў служыць у Сасноўцы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі