Skip to main content

Адпустовая ўрачыстасць з удзелам біскупа Кашкевіча прайшла ў воранаўскім санктуарыі

woronowo 716 красавіка ў санктуарыi Божай Міласэрнасці ў Воранаве (Радунскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць, у межах якой быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі.

Святкаванні ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У воранаўскай святыні, дзе жывы культ Езуса Міласэрнага, абраз якога знаходзіцца ў галоўным алтары, сабраліся шматлікія парафіяне і госці. Прысутнічалі таксама пілігрымы з іншых месцаў і прадстаўнікі мясцовай улады.

Пробашч кс. Анджэй Вітэк SAC прывітаў усіх прысутных і папрасіў іерарха ўдзяліць сакрамэнт канфірмацыі групе маладых людзей, адпаведным чынам падрыхтаваных да гэтага.

woronowo 10

У гаміліі прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Юрый Марціновіч падкрэсліў, што Езус Уваскрослы паказаў, як жыць, каб жыццё кожнага, хто пойдзе за Ім, мела сэнс і вартасць. У сувязі з гэтым святар заахвоціў пастаянна быць удзячнымі Хрысту за кожнае дабро, якое мы штодзённа спазнаём, а маладых вернікаў заклікаў добра выкарыстаць час, які дае Бог.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп звярнуўся да маладых людзей, якія абавязаліся мужна вызнаваць веру, паступаць паводле яе прынцыпаў і быць з Хрыстом, які хоча для кожнага толькі шчасця. Іерарх заклікаў іх заўсёды ставіць Божыя справы на першае месца і часта звяртацца да Езуса, багатага на міласэрнасць і ласку.

woronowo 14

Урачыстасць завяршылася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якога пробашч даручыў усіх, хто ўтварае гэтую парафіяльную сям’ю, Божай міласэрнасці.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі