Раніцай 9 красавіка, ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
На пачатку літургіі адбылася рэзурэкцыйная працэсія вуліцамі горада. Падчас працэсіі, у якой неслі Найсвяцейшы Сакрамэнт, удзельнікі спявалі радасныя велікодныя песні.
Затым шматлікія прысутныя сабраліся ў катэдры, “маці” святыняў Гродзенскай дыяцэзіі, каб разам “убачыць і паверыць”, што Хрыстус уваскрос, працягвае жыць і дзейнічаць у сваім Касцёле.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч у гаміліі падкрэсліў, што, падобна як для незлічоных пакаленняў хрысціян, якія былі перад намі і якія прыйдуць пасля нас, для сённяшніх вернікаў урачыстасць Уваскрасення Пана з’яўляецца найцудоўнейшым днём у жыцці.
“Відовішча пустой грабніцы кажа нам, што кожны з нас мае шанц сустрэць уваскрослага Пана. Адкрыем нашы сэрцы на Яго слова і Яго любоў, каб і сёння, тут, у нашай катэдры, сустрэцца з Хрыстом, які сапраўды ўваскрос і жыве”, – сказаў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што калі мы сапраўды сустрэнем Уваскрослага ў нашым жыцці, то спазнаем перамену сэрца, якую спазналі вучні.
“Сёння Касцёл зноў абвяшчае нам і ўсяму свету тое, што з’яўляецца найважнейшай сутнасцю Добрай Навіны ўжо дзве тысячы гадоў: Хрыстус жыве! Ён уваскрос!” – дадаў біскуп.
Па яго словах, каб мы маглі захапіцца гэтай праўдай, каб яна магла перамяніць наша жыццё, трэба мець адвагу спыніцца, адарваць сэрца ад спраў гэтага свету, не дазволіць, каб яны нас цалкам паглынулі.
Біскуп адзначыў, што кожны чалавек уваскрасае, калі адкрываецца на “тое, што ў вышынях”, гэта значыць на справы добрыя і святыя.
“Мы ўваскрасаем, калі ў нас памруць нянавісць і помста, пагарда і пыха, несправядлівасць і хлусня. Мы ўваскрасаем, калі сустракаем Пана, які прыходзіць, у малітве і святых сакрамэнтах, у Слове Божым і ў цішыні эўхарыстычнай адарацыі. Мы ўваскрасаем, калі, перамагаючы ўласны эгаізм і абыякавасць, заўважаем патрэбы нашых братоў і спяшаемся да іх з бескарыслівай дапамогай. Мы ўваскрасаем кожны раз, калі ў нашых сэрцах зло перамагаецца любоўю”, – заўважыў іерарх.
На заканчэнне літургіі біскуп пажадаў вернікам цудоўнай і вызваляючай сустрэчы з Хрыстом Уваскрослым, a таксама заахвоціў затрымацца хаця б на некалькі хвілін ля пустой грабніцы Збаўцы і падзякаваць Яму за досвед сустрэчы з Ім, за дар новага жыцця, які нам дае, за новыя гарызонты веры, якія перад намі адкрывае.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі