Узгадваючы постаць Саламона, які прасіў у Бога паслухмянае сэрца, нунцый заахвоціў алюмнаў да такой жа просьбы. “Гэта цяжкая праца, – сказаў нунцый. – Паслухмянае сэрца – гэта сэрца, якое дазваляе сябе фармаваць. Гэта не цвёрдае сэрца, якое мае цвёрдыя ідэі. Каб сэрца было паслухмяным, трэба дазволіць Богу, каб Ён сваімі рукамі сфармаваў яго. Трэба прасіць у Пана і ахвяраваць паслухмянае сэрца… Не вы знаходзіцеся ў цэнтры, а Хрыстос і народ, які быў вам даручаны. Гэта складаная задача, але вельмі суцяшальная”.
На заканчэнне гаміліі ксёндз арцыбіскуп папрасіў алюмнаў, каб яны як ксяндзы былі людзьмі працы, каб былі пастырамі свайго народу. Перш за ўсё, святар павінен будаваць жывую супольнасць Касцёла.
Напрыканцы св. Імшы алюмны падарылі арцыбіскупу карціну з краявідамі Гродна, каб ксёндз арцыбіскуп памятаў аб Гродне і часта сюды вяртаўся.
Ксёндз арцыбіскуп быў прыемна ўражаны дзейнасцю Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, а таксама адзначыў, што для Касцёла ў Беларусі і для дыяцэзіі вялікай ласкай з’яўляецца свая духоўная семінарыя. Пасля св. Імшы нунцый наведаў семінарыйную бібліятэку і будынак семінарыі.