У Вялікую суботу, 8 красавіка, кусташ дыяцэзіяльнага санктуарыя Каралевы нашых сем’яў у Тракелях кс. канонік Юрый Бяганскі наведаў аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у вёсцы Бастуны.
Супрацоўнікі аддзялення паклапаціліся, каб іх падапечныя не засталіся на свята без сакрамэнтаў і прывіталі Уваскрослага Хрыста адпаведна традыцыям.
Ксёндз Юрый благаславіў стравы на велікодны стол, удзяліў насельнікам аддзялення сакрамэнты пакаяння і намашчэння хворых, паразмаўляў з імі, выслухаў, падзякаваў персаналу за апеку над пажылымі людзьмі і інвалідамі, дзякуючы якой тыя адчуваюць спакой і клопат аб іх.
Па словах святара, “жыццё паказвае, што сёння праяўляць ініцыятыву ў такіх пытаннях патрэбна ўсім, бо старасць – справа нажыўная”. Пажылым людзям важныя стасункі і пачуццё патрэбнасці, бо яны найбольш востра адчуваюць адзіноту; калі яны акружаныя клопатам, ім камфортна і старэнне праходзіць не так хваравіта, адзначыў ён, дадаўшы, што задача сацыяльных работнікаў аддзялення – максімальна павялічыць пражыванне людзей з абмежаваннямі і сацыялізаваць іх.
“Раздзяляючы з вамі радасць надыходзячага Вялікадня, жадаю, каб святочныя дні і далейшае ваша жыццё былі напоўнены трывалым здароўем і глыбокім духоўным досведам Пасхі і Любові.
Няхай уваскрослы Хрыстус будзе для вас крыніцай надзеі, радасці і моцы, якія дапамогуць пераадолець усе цяжкасці штодзённага жыцця”, – сказаў святар на заканчэнне свайго візіту.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі