Skip to main content

Літургіяй Пасхальнай вігіліі сустрэлі Вялікдзень у гродзенскай катэдры

wigilia 40Вернікі з усяго Гродна сабраліся ў Вялікую суботу 8 красавіка ў катэдры св. Францішка Ксаверыя, каб супольна паўдзельнічаць у найважнейшым набажэнстве ўсяго літургічнага года – Пасхальнай вігіліі. Гэта цудоўная ноч, калі мы радасна ўсклікаем: “Хрыстус уваскрос!”

Святую Імшу цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч супольна са святарамі дыяцэзіі.

Імша складалася з чатырох частак: літургіі святла, літургіі слова, літургіі хросту і эўхарыстычнай літургіі. Падчас гэтай літургіі ў святыні зноў прагучала радаснае “Аллелюя”. Урачысты грыгарыянскі спеў “Exsultet” абвясціў аб уваскрасенні Езуса Хрыста, які перамог смерць і пекла.

Літургія Пасхальнай вігіліі з’яўляецца найбольш урачыстай ва ўсім літургічным годзе. Па сваёй сутнасці гэта начное чуванне ў гонар Пана, якое ўзгадвае пра выйсце ізраэльскага народа з егіпецкай няволі і пра ноч уваскрасення Хрыста. Яна нагадвае, што ўваскрасенне Езуса – найвялікшая падзея не толькі ў час велікодных святаў, але і ва ўсёй гісторыі чалавецтва. Гэтая літургія поўная сімвалаў, дзякуючы якім перадае праўду аб новым жыцці.

wigilia 33

Цэлебрацыя Пасхальнай вігіліі ў гродзенскай катэдры пачалася асвячэннем агню звонку святыні і запальваннем пасхала – вялікай свечкі, якая сімвалізуе святло Хрыста.

У гаміліі кс. Алег Пятрашка, духоўны айцец падрыхтоўчага курса Вышэйшай духоўнай семінарыі, падкрэсліў, што сапраўдная любоў перакрывае страх. Святар дадаў, што сустрэча з Уваскрослым Езусам надае пэўнасць і што Бог хоча бачыць кожнага чалавека радасным, а радасць – удзел уваскрослых.

wigilia 48

На заканчэнне Імшы біскуп павіншаваў вернікаў з Уваскрасеннем Пана.

Пасля літургіі Пасхальнай вігіліі вернікі мелі магчымасць удзельнічаць у адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая працягвалася ўсю ноч.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі