Пасля сустрэчы з клерыкамі Яго Эксцэленцыя спаткаўся з выкладчыкамі семінарыі. Сустрэцца з нунцыем прыехалі практычна ўсе выкладчыкі, якія выкладаюць у семінарыі.
На пачатку сустрэчы ксёндз рэктар прадставіў кароткую гісторыю дзейнасці семінарыі і прадставіў выкладчыкаў і выхавацеляў, сярод якіх 28 прафесараў: ксяндзы, манаскія і свецкія асобы.
Ксёндз рэктар адзначыў, што семінарыйная супольнасць усё больш развіваецца.
- У семінарыі 46 навучэнцаў, – адзначыў ксёндз рэктар, – якія паходзяць з нашай дыяцэзіі.
Нунцый пазнаёміўся з кожным выкладчыкам. Падчас размовы закраналіся такія тэмы, як адказнасць за выхаванне будучых святароў, тое, якім павінен быць святар і інш.
Ксёндз арцыбіскуп на пачатку сустрэчы выказаў падзяку ксяндзу біскупу і рэктару семінарыі за гэты вялікі новы досвед ад сустрэчы з выкладчыкамі ў гродзенскай семінарыі. Ксёндз арцыбіскуп прыгадаў свае гады ў якасці выкладчыка ў навучальнай установе і зазначыў, які гэта цэнны вопыт.
- Я стараюся зразумець, – сказаў нунцый, – наколькі важнай з’яўляецца задача гэтай установы і наколькі важны Ваш уклад. Ад імя Святога Айца хачу падзякаваць Вам за тое, што Вы робіце для развіцця Касцёла.
Нунцый заахвоціў прафесараў, каб яны аддавалі ўсё лепшае для фармацыі будучых святароў. Прадстаўнік Святога Айца падкрэсліў, што ў Беларусі бачна вялікая пашана да рэлігіі. Падчас сустрэчы з вуснаў нунцыя прагучала таксама просьба аб тым, каб патрабаваць, у добрым значэнні гэтага слова, ад будучых святароў шмат.
- Выхавацелі маюць вельмі вялікую адказнасць за тых, каго выхоўваюць. Семінарыя не з’яўляецца месцам для тэалагічных эксперыментаў, – сказаў нунцый.
На заканчэнне сустрэчы нунцый пажадаў шмат Божых ласкаў у працы для ўсіх выхавацеляў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.