6 красавіка, у Вялікі чацвер, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася Імша Хрызма, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Да ўдзелу ў гэтай асаблівай Эўхарыстыі, якая здзяйсняецца раз у год, былі па традыцыі запрошаны ўсе святары, якія служаць у мясцовым Касцёле. Такім чынам падкрэсліваюцца адзінства і непадзельнасць Хрыстовага святарства, а таксама духоўная сувязь, якая злучае святароў з біскупам і паміж сабой.
Прысутнічалі і шматлікія іншыя ўдзельнікі: сёстры законныя, семінарысты, вернікі Гродна і наваколля. Яны прыйшлі на Імшу, каб падтрымаць малітвамі служэнне сваіх святароў, якія штодзень абвяшчаюць ім Божае слова і ўдзяляюць сакрамэнты.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч у гаміліі заахвоціў духавенства вярнуцца думкамі і сэрцамі да моманту прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння і ўсвядоміць, што “звышнатуральная моц, якую мае ў сабе святарства, не з’яўляецца нашай моцай”.
“Не ў нас яе крыніца, а ў Хрысце Уваскрослым. Гэта Ён нас паклікаў, назваўшы па імені. Гэта Ён дзейнічае ў нас і праз нас, карыстаючыся намі як недасканалымі і слабымі прыладамі. Ён абраў нас, ведаючы, якія мы былі і якія будзем”, – сказаў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што і сёння Езус глядзіць на святароў з такой жа любоўю, як тады, калі іх паклікаў.
“Пан Езус застаецца верны ўласным абяцанням і хоча, каб мы таксама былі Яму верныя на шляху службовага святарства, на які Ён кожнага з нас паклікаў па імені”, – дадаў біскуп.
Звяртаючыся да святароў дыяцэзіі – сваіх супрацоўнікаў, – іерарх падкрэсліў, што ў момант пасвячэння яны былі намашчаны і пасланы, каб абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім, лячыць і падмацоўваць скрушаныя чалавечыя сэрцы, несці надзею, супакой і радасць на самыя далёкія “перыферыі”, пра якія пастаянна нагадвае Папа Францішак.
“Алей хрызма, якім у абрадзе сакрамэнтальнага пасвячэння былі намашчаны нашы далоні, з’яўляецца сімвалам місіі, даручанай нам Богам. Як святары мы дзейнічаем ад імя Пана Бога, які нас пасылае”, – сказаў біскуп.
Ён звярнуў увагу, што алей мае лекавыя ўласцівасці, служыць для палягчэння болю і загойвання ранаў, і гэты знак павінен нагадваць кожнаму святару, на чым засноўваецца іх пасланніцтва.
“Як тыя, якія самі спазналі міласэрнасць, будзем памятаць, што мы павінны як мага больш шчодра раздаваць вернікам дары Божай любові і ласкі”, – дадаў іерарх.
Біскуп заахвоціў сваіх братоў у святарстве прасіць Пана, які праз сваю Муку, Смерць і Уваскрасенне прынёс дар збаўлення ўсяму чалавецтву, каб іх служэнне – “Яго моцай і ад Яго імя – было адзначана сапраўднай любоўю, спагадай і міласэрнасцю”.
Біскуп падзякаваў святарам за служэнне, якое яны ахвярна і рупліва спаўняюць у Касцёле на Гродзеншчыне.
На заканчэнне гаміліі іерарх звярнуўся з традыцыйнай просьбай да ўсіх вернікаў: “Прашу сёння кожнага з вас, дарагія браты і сёстры, аб малітве за нас, святароў, каб мы, умацаваныя Божай ласкай і напоўненыя духам Хрыстовым, маглі як найлепей вам служыць і каб усе мы разам, як адна сям’я Касцёла Божага, ішлі за нашым Адкупіцелем шляхам збаўлення”.
Духавенства аднавіла на Імшы святарскія абяцанні, просячы ў Бога трываласці нa далейшыя гады служэння і моцы духу ў рэалізацыі заданняў, якія ставіць Хрыстус.
Aднаўленне абяцанняў стала для святароў нагодай аднавіць у сабе першасную руплівасць, зноў запаліць полымя любові да Хрыста і Яго Касцёла, а таксама абудзіць у сэрцах давер да Езуса, які з'яўляецца ўсемагутным у сваёй міласэрнасці і прабачэнні.
Адбыліся асвячэнне алею хворых і катэхуменаў і кансэкрацыя алею хрызма, якія будуць неабходныя для ўдзялення сакрамэнтаў.
На заканчэнне літургіі ад імя ўсіх дыяцэзіяльных і законных святароў, якія служаць у Касцёле на Гродзеншчыне, з віншаваннямі да біскупа звярнуўся кс. канонік Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый Лідскага рэгіёна.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі