Skip to main content

Апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроцці наведаў парафіі Гродна

Апостальскі нунцый у Беларусі Клаўдыё Гуджэроцці знаходзіцца з візітам у Гродне. Візіт пачаўся з сустрэчы са старшынёй аблвыканкама Сямёнам Шапірам 3 лютага. Сёння абп Клаўдыё Гуджэроцці наведваў гродзенскія парафіі і касцёлы.

Першай святыняй, якую наведаў прадстаўнік Святога Айца, была гродзенская катэдра. Пробашч касцёла кс. Ян Кучынскі пазнаёміў арцыбіскупа з гісторыяй касцёла: перыядамі будаўніцтва, дзейнасцю іезуітаў, распавёў пра цудадзейны абраз Маці Божай Кангрэгацкай і паказаў яе капліцу. Таксама арцыбіскуп змог убачыць адноўлены галоўны алтар катэдры, які быў панішчаны пажарам 5 гадоў таму, а таксама бягучыя работы па аднаўленні фрэсак катэдры. Варта адзначыць, што ксёндз пробашч вёў расповед на італьянскай мове.

Ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуў увагу нунцыя на тое, што ў катэдры існуе малітоўная група, якая штодня адаруе Найсвяцейшы Сакрамант. Дзякуючы нястомным малітвам людзей, удалося зрабіць такія вялікія працы па аднаўленні алтара і фрэсак у катэдры, падкрэсліў ксёндз біскуп Аляксандр.

Наступным храмам, які наведаеў Клаўдыё Гуджэроцці, быў Пабернардынскі касцёл, дзе гасцей сустракаў пробашч касцёла кс. Антоній Ханько разам з вікарыямі.

Таксама прадстаўнік Святога Айца наведаў Францішканскі касцёл, дзе айцец Юзаф Макарчык распавёў пра дзейнасць айцоў францішканаў у Гродне і пра св. Максімільяна Кольбэ, які пэўны час працаваў у гэтай святыні.

Затым ксёндз арцыбіскуп наведаў дзве маладыя гродзенскія парафіі: Божай Міласэрнасці на Вішняўцы і Найсвяцейшага Адкупіцеля на Дзевятоўцы, дзе пачуў пра вялікую душпастырскую дзейнасць у шматлюдных парафіях.

Таксама на сёння запланавана сустрэча з выкладчыкамі і алюмнамі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Заўтра, 5 лютага, зранку адбудзецца прэс-канферэнцыя з Яго Эксцэленцыяй, а ў 12 гадзін арцыбіскуп Гуджэроцці будзе цэлебраваць св. Імшу ў катэдры на лацінскай мове.

Гэта першы візіт Апостальскага нунцыя Клаўдыё Гуджэроцці ў Гродна.