1 красавіка, напярэдадні Пальмовай нядзелі, у парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (Паўднёвы) адбыўся інсцэніраваны Крыжовы шлях, які разам са сваім душпастырам кс. Янам Кузюком падрыхтавала моладзь.
Такім чынам вернікі парафіі ўвайшлі ў перыяд Вялікага тыдня.
Сцэнар велікапоснага набажэнства перанёс прысутных у час Мукі Пана Езуса і Яго Крыжовага шляху да смерці на Галгоце і моманту, калі Яго паклалі ў грабніцу.
Удзельнікі набажэнства адзначаюць: “Адна справа – ведаць пра крыжовую смерць Хрыста, але зусім іншая – удзельнічаць у Яго пакутным шляху на Галготу, на свае вочы ўбачыць, няхай і ў тэатралізаваным выкананні, усе мукі, якія давялося Яму выцерпець за грахі свету, перш чым памерці на крыжы. І хоць з таго моманту прайшло каля дзвюх тысяч гадоў, аднак і сёння кожны з нас забівае ўсё новыя цвікі граху ў цела ўкрыжаванага Хрыста, зневажае Яго крыж”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі