30 сакавіка 2023 года Францішак заснаваў Апостальскую адміністратуру для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі, прызначыўшы Апостальскім адміністратарам гэтай касцёльнай акругі архімандрыта Яна Сяргея Гаека.
Каталіцкая супольнасць візантыйскага абраду ў Беларусі з'яўляецца спадчынніцай Брэсцкай уніі 1596 года, - гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Святога Пасада. У 1798 годзе была створана Мінская (русінская) епархія, дзейнасць якой у 1839 годзе была паралізавана, але структура ніколі не ліквідавалася. Annuario Pontificio згадвае яе да 1924 года.
У 1939 годзе Мітрапалітам Львоўскім, архіепіскапам Андрэем Шаптыцкім быў заснаваны Беларускі экзархат. У 1941 годзе Пій ХІІ зацвердзіў іерарха ў якасці яго Апостальскага адміністратара. З 1943 года пасада заставалася вакантнай.
У 1988 годзе грэка-каталіцкія вернікі ў Беларусі пачалі грамадзянскую рэгістрацыю сваіх парафій. З 1993 года яны былі даручаны пастырскай апецы архімандрыта Сяргея Гаека ў якасці Апостальскага візітатара ad nutum Sanctae Sedis.
У новай Апостальскай адміністратуры для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі на сённяшні дзень налічваецца каля 5 тысяч вернікаў, дзейнічае 16 парафій, душпастырства вядуць 16 святароў і 3 дыяканы, ёсць 4 семінарысты.