Skip to main content

2 лютага Касцёл адзначаў свята Ахвяравання Пана

Святая сустрэча Хрыста са сваім людам адзначалася ў Іерусаліме ўжо ў IV ст, а ў VII ст. традыцыя была прынята на Захадзе. Гэтае свята заканчвае цыкл урачыстасцей, звязаных з аб’яўленнем свету ўцелаўлёнага Слова. Па традыцыі да гэтага дня ў касцёлах захоўваюцца шопкі і спяваюцца калядкі.

– Сёння мы ўзгадваем дзень, калі Езус быў прадстаўлены ў храме, – сказаў на пачатку св. Імшы ў катэдры кс. бп Аляксандр Кашкевіч. – Так Ён не толькі выканаў закон Старога Запавету, але, хутчэй, сустрэўся са сваім людам, які Яго з верай чакаў. Сімяон і Ганна, якіх праводзіў і асвячаў Святы Дух, прыбылі ў святыню. Яны пазналі Хрыста і з радасцю вызналі веру ў Яго. Гэтак і мы, сабраныя Святым Духам, спяшаемся на сустрэчу з Хрыстом. Мы знойдзем Яго і пазнаем пры ламанні хлеба, а сустрэнемся з Ім, калі Ён прыйдзе ў Хвале.

Пасля адбылося асвячэнне свечак.

– З X ст. укараніўся абрад асвячэння свечак, –
прамовіў падчас гаміліі кс. бп Аляксандр. – Гэтыя свечкі, якія сёння былі асвечаны, з’яўляюцца сімвалам Марыі, якая прынесла на зямлю нябеснае святло і якая гэтым святлом засланяе нас ад зла. Іх прамяні сімвалізуюць святло свету Хрыста, які супакойваў марскія буры і загадваў спыніцца віхурам і навальніцам. Таму гэтае свята называецца таксама святам Маці Божай Грамнічнай. Калісьці вялікай небяспекай былі буры, асабліва навальніцы, якія запальвалі і нішчылі пераважна драўляныя пабудовы. Менавіта ад грому абараняла ў хаце свечка, асвечаная на свята Ахвяравання Хрыста.

Людзі запальвалі грамнічную свечку і ставілі на акно, просячы ў Марыі абароны. Літургічная назва свята – Ахвяраванне Пана ў святыні – згадвае пра падзею, калі Святая Сям’я накіравалася ў храм, каб выканаць закон Майсея, які тычыцца ачышчэння Маці і прадстаўлення Богу першароднага сына. Марыя і Юзаф заставаліся вернымі традыцыі сваіх продкаў, прыносячы дзіця ў святыню, каб ахвяраваць Пану. Хоць знешне Святая Сям’я і не адрознівалася ад іншых у храме, але яе прысутнасць была інакшай: яна перакрочвала чалавечае вымярэнне.

У маленькім дзіцятку першымі пазналі Хрыста прарок Сімяон і прарочыца Ганна.