Кніга з’яўляецца публікацыяй новуковага доследу “Літургічная рэформа i аднаўленне на тэрыторыi Гродзенскай дыяцэзii пасля Другога Ватыканскага Сабору”, праведзенага кс. канонікам Юрыем Бяганскім, кусташам тракельскага санктуарыя. Святар абараніў у 2019 годзе аднайменную доктарскую дысертацыю ў Люблінскім каталіцкім універсітэце (Польшча).
– Было цікава прасачыць, як развівалася літургія на Гродзеншчыне ў пасаборны час: спярша ў складзе Віленскай архідыяцэзіі, а пасля – ў новаўтворанай Гродзенскай дыяцэзіі, – адзначае кс. Юрый.
Кніга на польскай мове. Складаецца з чатырох раздзелаў. У першым раздзеле “Літургія і яе значэнне ў жыцці і дзейнасці Касцёла” паказана прырода літургіі, а таксама формы літургічнага служэння.
Другі раздзел пад назвай “Цэлебрацыя св. Імшы і эўхарыстычны культ па-за св. Імшой” апісвае віды св. Імшаў, а таксама разглядае моманты ўдзялення Камуніі па-за св. Імшой.
У трэцім раздзеле “Сакраманты і сакрамэнталіі” гаворка ідзе пра іх сутнасць і значэнне ў жыцці Касцёла. Асобныя падразделы прысвечаны хрысціянскаму пахаванню, каранацыі марыйных абразоў.
Іншыя пытанні, звязаныя з рэформай літургіі, уключаны ў чацвёрты раздзел “Асвячэнне часу і іншыя формы хрысціянскага культу”. Там знаходзяць сваё абмеркаванне, між іншым, літургічны год і каляндар, а таксама культ выбраных святых, якіх найбольш шануюць на Гродзеншчыне. Раздзел завяршаецца пытаннямі, звязанымі з богаслужэннямі хрысціянскага народа як асаблівым выразам народнай пабожнасці.
Кнігу можна набыць асабіста ў аўтара, замовіўшы праз электронную пошту bieganski@mail.ru.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі