
Св. Імша ў інтэнцыі сясцёр і айцоў манаскіх супольнасцей, якія працуюць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі, распачалася з асвячэння свечак на знак прыняцця святла Езуса Хрыста, пасля чаго святары і сёстры прайшлі па катэдры ўрачыстай працэсіяй з запаленымі свечкамі.
– Нашыя бальніцы, дамы апекі, асяродкі “Карытас”, школы і дзіцячыя садкі з’яўляюцца месцамі безупыннай малітвы, за што мы павінны дзякаваць нашым манаскім сёстрам, – сказаў на пачатку св. Імшы кс. бп Аляксандр Кашкевіч. – Яны працуюць у розных касцёльных дабрачынных установах, апекуючыся дзецьмі, моладдзю, хворымі і старэйшымі. Хто ж не чуў пра бласлаўлёную Маці Тэрэзу з Калькуты, якая за сваю поўную прысвячэння службу атрымала нобелеўскую прэмію міру? Праца і малітва манаскіх асоб, іх прысвячэнне і актыўны ўдзел яшчэ больш відавочныя на місіях. […] Сёння мы знаходзімся ў катэдры, каб дзякаваць за дар паклікання кансэкраваных асоб у дзень іх асаблівага свята.
Казанне на тэму паклікання прамовіў айцец піяр Віталій Цыбульскі:
– Сярод кансэкраваных людзей ёсць тыя, каго Бог паклікаў ужо ва ўлонні маці. Таксама гісторыя ведае тых, хто да паклікання нават не думаў, што будзе жыць манаскім жыццём.
Айцец Віталій нагадаў, як важна для чалавека з манаскай супольнасці жыць так, каб кожны дзень быў як Дзень кансэкраванага жыцця, не толькі раз на год 2 лютага, каб кожны дзень меў свой плён, каб кожны дзень жыцця быў для Пана Езуса.
Пасля казання адбылося аднаўленне вечных шлюбаў і абяцанняў. Напрыканцы св. Імшы ксёндз біскуп звярнуўся да прысутных сясцёр і айцоў з манаскіх супольнасцей:
– Канешне, гэтая дарога не з’яўляецца лёгкай, але яна прыгожая, ёю мы ідзём да святасці. Духоўнае жыццё, якое мы не можам ні ўзважыць, ні вымераць, хоць, жывучы і захоўваючы парады Евангелля, даём прыгожае сведчанне для іншых. Даём катэхезу, нават нічога не прамаўляючы. Сястра ці айцец з манаскай супольнасці ў хабіце самі па сабе з’яўляюцца сведчаннем, я бы сказаў, катэхезай, а тым больш, наша служэнне ў розных месцах, розныя заданні, а асабліва тыя малітвы ў цішыні і засяроджанні, адаруючы Бога.