З 9 па 11 сакавіка ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Наваельні (Дзятлаўскі дэканат) адбыліся велікапосныя рэкалекцыі. Духоўным кіраўніком рэкалекцый быў пробашч парафіі ў Раготне кс. Павел Скуба.
На працягу трох дзён духоўных практыкаванняў святар закранаў тэму веры, таго, як яна можа праяўляцца ў жыцці, тэму даверу Богу, выканання слова, дадзенага Яму. Рэкалекцыяніст прывёў прыклады з уласнага жыцця.
У пятніцу пасля святой Імшы ў парафіі прайшло набажэнства Крыжовага шляху, падчас якога ўдзельнікі разважалі пра любоў Бога да чалавека, выяўленую праз крыж.
Па заканчэнні рэкалекцый пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі падзякаваў кс. Паўлу за слова, прызначанае для вернікаў, і выказаў спадзяванне, што зерне, закладзенае ў сэрца кожнага з удзельнікаў, абавязкова прарасце і прынясе плён.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі