У нядзелю 12 сакавіка ў Гродне ўдзельнікі каталіцкай евангелізацыйнай супольнасці “Эхад” дзякавалі Богу за пяць гадоў яе існавання. Святкаванне традыцыйна пачалося з удзелу ў святой Імшы ў гродзенскім катэдральным касцёле, а пасля працягнулася ў зале св. Андрэя Баболі.
“Сябры – сёння так буду да вас звяртацца”, – распачаў сустрэчу Анатоль Канарскі, лідар супольнасці. Ён запрасіў сабраных да ўдзелу ў малітве праслаўлення Бога. Прысутныя разам спявалі і выказвалі Пану асабістыя словы падзякі.
Наступным пунктам была канферэнцыя, з якой выступіў лідар супольнасці. Выступоўца нагадаў, што “эхад” у перакладзе са старажытнагабрэйскай мовы азначае “адзінства”, а своеасаблівым натхненнем і дэвізам супольнасці з’яўляюцца словы Святога Пісання з Паслання св. Паўла да Рымлянаў: “А Бог цярплівасці і суцяшэння няхай учыніць вас аднадумцамі паміж сабою паводле Езуса Хрыста, каб вы аднадушна, аднымі вуснамі праслаўлялі Бога і Айца Пана нашага Езуса Хрыста” (Рым 15, 5-6). Анатоль Канарскі нагадаў, што менавіта еднасць – тое, што павінна праяўляцца паміж веруючымі людзьмі: “Аднадушнасць, з аднаго боку, з’яўляецца благаслаўленнем для Касцёла, з іншага – задачай і мэтай”.
Лідар супольнасці заахвоціў кожнага з прысутных “пабыць у адзінстве з Богам і пачаць будаваць гэтае адзінства з іншым чалавекам”, “прасіць, каб Пан паказаў нам нашыя хібы; дачакацца Яго адказу і папрасіць, каб Ён дапамог нам іх пераадолець, каб зляпіў з нас тых, хто будзе прыкладам адзінства ў супольнасці”.
Далей удзельнікаў сустрэчы чакалі прэзентацыя з фотаўспамінамі з жыцця і дзейнасці супольнасці, а таксама сабраныя загадзя відэавіншаванні для “Эхад” ад былых удзельнікаў супольнасці і сяброў з Польшчы.
Прыемным момантам стаў пачастунак – святочны торт, прыгатаваны адмыслова да дня нараджэння супольнасці.
“Калі мы сустракаем цяжкасці, то чакаем дапамогі. У свой час я знайшла духоўную падтрымку тут, у “Эхад”. Удзячная за ўсё, што тут атрымліваю”, – адзначыла Алена Сухоцкая, удзельніца супольнасці. Яна перакананая, што варта не стаяць на месцы ў духоўным жыцці, а таксама дзяліцца тым, што атрымліваеш.
Адкрытыя сустрэчы каталіцкай евангелізацыйнай супольнасці “Эхад” адбываюцца кожную другую нядзелю месяца ў 10.30 у зале св. Андрэя Баболі ў катэдральным касцёле Гродна. Духоўным апекуном супольнасці з’яўляецца кс. Дзмітрый Папенюк.
Больш інфармацыі пра супольнасць можна знайсці на інтэрнэт-старонцы ehadgrodno.com.
Кацярына Паўлоўская