Skip to main content

Святога Казіміра, апекуна дыяцэзіі, ушанавалі ў гродзенскай катэдры

kazimira 124 сакавіка, у свята апекуна Гродзенскай дыяцэзіі святога каралевіча Казіміра, у катэдральным касцёле ў Гродне адбылася ўрачыстая Імша.

Перад Эўхарыстыяй канонікі катэдральнага капітулу, апекуном якога таксама з’яўляецца святы Казімір, сабраліся на малітве Літургіі гадзін.

Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Звяртаючыся да прысутных, іерарх падкрэсліў, што асоба святога каралевіча звязана з горадам над Нёманам, дзе Казімір адышоў у вечнасць 4 сакавіка 1484 г. у каралеўскім замку ва ўзросце 26 гадоў.

Катэдра была напоўнена вернікамі, якія прыйшлі ўшанаваць свайго апекуна і праз яго заступніцтва звярнуцца з просьбамі да Бога. Да малітвы далучыліся адміністрацыя і навучэнцы Тэалагічнага каледжа ў Гродне, які носіць тытул гэтага святога.

kazimira 9

У гаміліі кс. канонік Юзаф Багдзевіч, біскупскі вікарый Смаргонскага рэгіёну і дэкан Астравецкага дэканату, нагадаў жыццёвы шлях св. Казіміра, асаблівую ўвагу звярнуўшы на яго любоў да Маці Божай, служэнне бедным і патрабуючым.

Ксёндз канонік падкрэсліў, што Вялікі пост – нагода, каб, углядаючыся ў постаць гэтага святога, вучыцца ў яго чуласці да патрэбаў іншых і ўменню захоўваць сваё сэрца заўсёды адкрытым на Бога.

У канцы Імшы пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў удзельнікам за супольную малітву і выказаў віншаванні ўсім, хто носіць імя святога каралевіча.

Таксама ў гэты дзень у цэнтры Гродна адбыўся традыцыйны кірмаш “Казюкі”. На Савецкай плошчы прайшлі майстар-класы ад рамеснікаў і майстроў з раённых дамоў рамёстваў.

Фестываль рамеснікаў праходзіць у горадзе больш за 20 гадоў. Яго сёлетняй тэматыкай стало саломапляценне. Нядаўна беларускае саломапляценне было ўнесена ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Максіміліян Пік