Skip to main content

Кс. Юзаф Станеўскі: з Божай дапамогай распачынаем ІІ семестр

29 студзеня клерыкі ВДС у Гродне вярнуліся з зімовых канікул. Сёння распачынаецца новы семестр навучання 2011/2012 акадэмічнага года. З гэтай нагоды мы папрасілі Яго Магніфіцэнцыю ксяндза рэктара Юзафа Станеўскага аб кароткім каментарыі.

- Ксёндз Юзаф, з якім настаўленнем Вы і ўся семінарыйная супольнасць распачынаеце ІІ семестр?

- Напэўна, трэба пачаць з падзякі Пану Богу за заканчэнне І семестра. Адсюль бярэцца наш аптымістычны і радасны настрой на ІІ семестр, таму што ўсім удалося добра скончыць І семестр. З гэтага цешацца не толькі клерыкі, але таксама і ксяндзы-прафесары. Пра гэта адзначыў таксама кс. бп Аляксандр Кашкевіч падчас сесіі ксяндзоў-прафесараў. Ужо шмат гадоў клерыкі нашай семінарыі дзеляцца гэтай радасцю і ведамі са сваімі бацькамі. Паміж І і ІІ семестрамі доўжацца канікулы. Клерыкі раз’язджаюцца па сваіх бацькоўскіх дамах, каб адпачыць, набрацца сіл да далейшай парцы і выканання чарговых заданняў. Таму наш настрой добры. З Божай дапамогай ІІ семестр мы скончым з яшчэ лепшымі вынікамі, чым першы.

- Пра якую падзею ў семінарыйнай супольнасці ў ІІ семестры варта ўзгадаць?

- Планы і тэрміны ІІ семестра ўжо ўсталяваны. Яны падобныя на планы мінулага года, але заўсёды ёсць штосьці новае, так жа, як і Эўхарыстыя з’яўляецца цэнтрам жыцця клерыкаў і перш за ўсё святароў. Усе падзеі ІІ семестра звязаны з Уваскрашэннем нашага Пана Езуса Хрыста. Мы стараемся дапасаваць свае планы да гэтай урачыстасці. Значнай падзеяй ІІ семестра будзе візіт у семінарыю Апостальскага нунцыя ў Беларусі кс. аб-па Клаўдыё Гуджэроцці, які прыбывае да нас, каб пазнаёміцца з працай нашай семінарыі. Мы маем надзею, што ён накіруе да нас тыя словы і думкі, якія перадаў папа Бенедыкт XVI, калі прызначаў яго Апостальскім нунцыем у Беларусі. Я лічу, гэтыя падзеі яшчэ больш зблізяць нас з Рымам, сталіцай Пятра. Чарговай значнай падзеяй у жыцці семінарыі будуць пасвячэнні прэзбітэрату, запланаваныя на 26 мая а 12 гадзіне ў гродзенскай катэдры. Мэтай і задачай семінарыі з’яўляецца падрыхтоўка клерыкаў да той вялікай і адказнай паслугі, а таксама стварэнне ўмоў, у якіх яны адчувалі б сябе годнымі свайго паклікання і адказнымі за яго.